Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ўкраіны Алег Дзідэнка заявіў, што выбары магчымыя толькі пасьля скасаваньня ваеннага становішча, а дыскусія пра выбары выгадная толькі Расеі.
«Зараз размовы пра выбары выгадныя найперш агрэсару, які хоча дэстабілізаваць сытуацыю. Так, гэтае пытаньне ўздымаюць для таго, каб падарваць легітымнасьць улады ва Ўкраіне, для таго, каб аслабіць давер да ўлады, паслабіць падтрымку Ўкраіны з боку міжнародных партнэраў. Гэта элемэнт гібрыднай вайны, на маю думку, які актыўна выкарыстоўвае наш вораг», — сказаў старшыня ЦВК Украіны ў інтэрвію Ўкраінскай службе Радыё Свабода.
Алег Дзідэнка зьняпраўдзіў інфармацыю, абнародаваную парлямэнцкай апазыцыяй, нібы ўлады рыхтуюцца да правядзеньня выбараў 26 кастрычніка.
На пытаньне Свабоды, ці адбудуцца выбары сёлета, старшыня ЦВК адказаў, што тэарэтычна такое магчыма, але пры пэўных умовах:
«Тэарэтычна магчымыя. Але што для гэтага патрэбна? Для гэтага патрэбна, каб ва Ўкраіне быў мір, каб ва Ўкраіне закончылася ваеннае становішча і каб пасьля гэтага было дастаткова часу для зьмены заканадаўства і належнай падрыхтоўкі выбарчага працэсу», — падкрэсьліў Алег Дзідэнка.
«Цяпер у нас няма ні фактычных, ні юрыдычных падстаў гаварыць пра выбары. У нас цяпер працягваецца ваеннае становішча. У часе ваеннага становішча выбары не арганізоўваюцца і не праводзяцца», — дадаў ён.
У той жа час старшыня ЦВК паведаміў, што нядаўна аднавілі працу зь Дзяржаўным рэестрам выбарнікаў, якую спынілі ў лютым 2022 году, пасьля расейскага ваеннага ўварваньня, для абароны зьвестак, таксама для таго, каб сьпісы выбарнікаў ня трапілі ў рукі агрэсара.
«Дзяржаўны рэестар выбарнікаў выкарыстоўваецца ня толькі для выбараў. Ён выкарыстоўваецца і ў іншых мэтах, вызначаных законам аб Дзяржаўным рэестры выбарнікаў. То бок і ў міжвыбарны пэрыяд таксама. Цэнтральная выбарчая камісія на запыт кампэтэнтных органаў павінна даваць зьвесткі з рэестру. Ён павінен быць актуальны заўсёды. Таму гаварыць пра тое, што ЦВК працуе над актуальнасьцю рэестру выбарнікаў і гэта значыць, што ўжо выбары будуць, гэта няправільна», — патлумачыў ён.
Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбыліся ў сакавіку 2019 году, а наступныя, калі б Расея не пачала поўнамаштабную вайну супраць краіны, мусілі б адбыцца ў сакавіку-красавіку 2024 году.
У ліпені 2019 году ва Ўкраіне адбыліся пазачарговыя выбары ў парлямэнт, пасьля рашэньня Ўладзіміра Зяленскага, які перамог на прэзыдэнцкіх выбарах, распусьціць Вярхоўную Раду Ўкраіны, выбраную таксама датэрмінова ў 2014 годзе пасьля таго, як Расея анэксавала Крым і пачала баявыя дзеяньні ў Данецкай і Луганскай абласьцях Украіны. Наступныя выбары мусілі прайсьці ў 2024 годзе.
Згодна з законам Украіны аб прававым рэжыме ваеннага становішча, правядзеньне выбараў у часе ваеннага становішча забаронена. Дзейны Выбарчы кодэкс Украіны абавязвае ЦВК абвясьціць аб пачатку выбарчай кампаніі цягам 30 дзён пасьля скасаваньня ваеннага становішча.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп раскрытыкаваў Украіну і цяперашняга прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага за нежаданьне праводзіць выбары ў часе вайны.
Форум