У новым абнаўленьні сьпісу, датаваным 19 лютага і апублікаваным 20 лютага, знаходзіцца 23-гадовая Віялета Вярбіцкая, дачка асуджаных Ірыны і Генадзя Саўрыцкіх. Іх судзілі летась у лістападзе і вынесьлі вырак.
Ім пагражала да 12 гадоў за нібыта «распальваньне варожасьці». Але з прычыны закрытасьці судовага паседжаньня прысуд грамадзкасьці невядомы.
Сапраўдныя акалічнасьці справы, падстава для арышту і далейшых судоў над сям’ёй таксама невядомыя. Прысуд выносіў Міхаіл Макарэвіч.
61-гадовы Генадзь Саўрыцкі родам зь Менску. Ён буйны прадпрымальнік. Валодае ААТ «Анастан» — кампаніяй, якая займаецца вытворчасьцю пенаплясту. Жонцы Саўрыцкага Ірыне 58 гадоў. Яна працавала спэцыялісткай у продажах, а пасьля мэнэджаркай у «Анастане».
У сям’і дзьве дачкі. Адна зь іх, Віялета, праходзіла ў справе з бацькамі. Яна скончыла школу ў Менску, пасьля паступіла ў Варшаўскую акадэмію мастацтваў. Якраз яе КДБ унесла ў «сьпіс тэрарыстаў».
Ірына і Генадзь Саўрыцкія таксама зьмешчаныя ў «сьпіс тэрарыстаў». Такім чынам, з усёй сям'і толькі адна з дачок па-за сьпісаў КДБ.
Улады Беларусі пасьля падзей 2020 году ўключаюць апанэнтаў рэжыму Лукашэнкі і палітвязьняў у «сьпіс тэрарыстаў» з мэтай узмацненьня палітычных рэпрэсіяў. У зьняволеньні ўключаныя ў гэты сьпіс людзі страчваюць магчымасьці атрыманьня грашовых пераводаў і маюць іншыя абмежаваньні.
Форум