Эдуарда Бабарыку ўтрымліваюць у зьняволеньні ўжо больш за чатыры з паловай гады. У ліпені 2024 году яму дадалі да 8 гадоў пазбаўленьня волі яшчэ 2 гады паводле ч. 2 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі»).
Для адбыцьця тэрміну палітвязьня перавялі ў ваўкавыскую калёнію № 11, дзе менш чым за паўгода па ініцыятыве адміністрацыі на яго завялі другую запар справу паводле ч. 2 арт. 411 КК. Суд пачынаецца 20 лютага ў судзе Ваўкавыскага раёну, паведамляе Вясна. Судзьдзя — Мікалай Сяргейка.
Палітвязьню Эдуарду Бабарыку 30 студзеня споўнілася 35 гадоў. Гэта пяты дзень народзінаў палітвязьня ў зьняволеньні.
Эдуарда Бабарыку і ягонага бацьку Віктара Бабарыку, які сабраў дзясяткі тысяч подпісаў за вылучэньне кандыдатам на прэзыдэнта, затрымалі 18 чэрвеня 2020 году, калі яны накіроўваліся ў ЦВК здаць сабраныя подпісы. Віктара Бабарыку пазьнейпрызналі вінаватым у атрыманьні хабару і легалізацыі грошай, атрыманых злачынным шляхам, і асудзілі на 14 гадоў зьняволеньня.
Ягонага сына Эдуарда, які ўзначальваў перадвыбарны штаб Віктара Бабарыкі, судзілі толькі ў ліпені 2023 году і прысудзілі 8 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле трох «палітычных» артыкулаў Крымінальнага кодэксу, уключна з 342-м («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Праз год да гэтага тэрміну дадалі яшчэ 2 гады зьняволеньня. Суд праходзіў у Бабруйску. У верасьні 2024 году апэляцыйную скаргу на новы прысуд адхілілі. Фактычна з таго часу, паводле праваабаронцаў, новых зьвестак пра Эдуарда Бабырыку няма.
Чым вылучаецца справа Эдуарда Бабарыкі сярод іншых палітвязьняў?
Сьледзтва і суд у ягонай справе занялі амаль 3,5 года. Гэта рэкордны тэрмін для палітычных крымінальных справаў у Беларусі.
У вырак палітвязьню не залічылі час утрыманьня ў СІЗА КДБ па першапачатковым абвінавачаньні, а там палітвязень прабыў ажно паўтара года.
Раніцай 8 студзеня ў канале Рамана Пратасевіча зьявіліся фота і відэа зь Віктарам Бабарыкам, зробленыя ў наваполацкай калёніі. Гэтак перарвалася больш як гадовае маўчаньне пра былога кандыдата на прэзыдэнта Віктара Бабарыку.
Зьвестак пра тое, што адбываецца зь ягоным сынам Эдуардам, які таксама ў зьняволеньні фактычна ў рэжыме «інкамунікада», дагэтуль няма.
Перасьлед Віктара Бабарыкі. Што важна ведаць
- Віктара Бабарыку абвінавацілі ў «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (па частцы 2 арт. 235 КК), і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (па частцы 3 арт. 430 КК).
- У крымінальнай справе «Белгазпрамбанку» 122 тамы. Справу разглядаў Вярхоўны суд у будынку суду Маскоўскага раёну.
- 22 сакавіка абарона Бабарыкі заявіла пярэчаньні на прад’яўленыя абвінавачаньні, бо апісаньне, якое ёсьць у іх, не дазваляла ў дастатковай ступені зразумець, у якіх менавіта дзеяньнях абвінавачанага Бабарыкі ўгледзілі злачынства, заявіў адвакат Дзьмітры Лаеўскі. Таксама ён адзначыў, што ў абвінавачаньні няма апісаньня інкрымінаваных дзеяньняў з указаньнем часу, месца, спосабу, іншых абставінаў іх учыненьня. Адвакат папрасіў далучыць да матэрыялаў справы дакумэнт, у якім выклаў «дэфэкты абвінавачаньня».
- Віктар Бабарыка віны не прызнае.
Хроніка перасьледу
- 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць тых, хто адмаўляецца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў за адмываньне грошай і ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
- Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога кампрамату на яго.
- 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
- 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў, «гэта адна шайка-лейка». Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
- Фігурантамі «справы „Белгазпрамбанку“» сталі каля 20 чалавек.
- 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскія акцыянэры банку («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
- 17 чэрвеня ўлады арыштавалі без тлумачэньняў выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку.
- 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку — кіраўніка ініцыятыўнай групы. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
- Кіраўнік КДК Іван Тэртэль назваў Бабарыку «непасрэдным арганізатарам» «махлярскай схемы з адмываньнем грошай» з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».
- 19 чэрвеня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы.
- Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
- 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
- 2 ліпеня стала вядома, што Бабарыку вінавацяць па трох фінансавых артыкулах Крымінальнага кодэксу.
- 14 ліпеня ЦВК адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі празь неадпаведнасьць прадстаўленай дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.
- 10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся зь Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязьнямі ў СІЗА КДБ.
- 17 лютага 2021 году пачаўся суд над Віктарам Бабарыкам і былымі супрацоўнікамі «Белгазпрамбанку». На працэс не пусьцілі нікога зь незалежных журналістаў.
- 6 ліпеня Бабарыку асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Вырак вынес судзьдзя Ігар Любавіцкі. Бабарыка не прызнаў віны, ягоныя абаронцы яшчэ раз заявілі аб палітычных матывах справы.
- 12 ліпеня стала вядома, што Бабарыку этапавалі ў ПК №1 у г. Наваполацак.
- 12 кастрычніка з ізалятараў выйшлі некалькі чалавек, затрыманых у справе «Белгазпрамбанку». Ім зьмянілі меру стрыманьня, але іншыя падрабязнасьці справы невядомыя.
- У кастрычніку 2023 году арганізацыя былых сілавікоў BelPol паведамляла, што Віктар Бабарыка ў калёніі мае праблемы з сэрцам. Паводле інфармацыі арганізацыі, Бабарыку нанесьлі «сур’ёзныя цялесныя пашкоджаньні», прычым зрабілі гэта людзі, якія не адносяцца да пэрсаналу наваполацкай калёніі, дзе той сядзіць.