Літоўскі рэжысэр Андрус Даряла, які з 2020 году супрацоўнічае з беларускімі акторамі, паставіў у Вільні новы спэктакль. На гэты раз аб тым, як палітычны крызіс зьмяніў жыцьцё беларускіх семʼяў. Прэмʼера прайшла ў літоўскай сталіцы 16 лютага. Пра спэктакль расказала DW.
«Цесьля» — гісторыя пра маленькага чалавека з райцэнтра. Яго дачка зьбегла зь Беларусі, бо ўдзельнічала ў пратэстах, зяць зьехаў ваяваць ва Ўкраіну, ён ні разу ня бачыў унука, які нарадзіўся ўжо ў Польшчы. А зараз яго яшчэ і звальняюць з дому рамесьнікаў — за «няправільную» пазыцыю сваякоў. Многія гледачы ў зале самі сутыкнуліся з такой жа сытуацыяй.
Аўтар пʼесы «Цесля» — Вольга Каралёнак, актрыса і папулярызатар беларускай традыцыі. Яна ня першы раз зьвяртаецца да праблемаў беларускіх уцекачоў у сваёй працы. У 2023-м у Польшчы прэзэнтавалі яе спэктакль «Угу! Навіны лесу» — аб неразуменьні паміж дзецьмі з розных краін пасьля рэлякацыі.
У свой час родных рэжысэра Андруса Даряла саслалі ў Сібір. Сам ён доўгі час працаваў акторам і рэжысэрам у Краснаярску, але пасьля анэксіі Расеяй Крыма вярнуўся на радзіму. У сваёй працы ён часта зьвяртаецца да тэмы рэпрэсаваных. Так, з 2020 года ён супрацоўнічае з беларускімі акторамі, якія вымушаны ўцякаць з краіны пасьля ўзмацненьня рэпрэсій.
Адзін з самых яркіх праектаў — спэктакль «Ноч расстраляных паэтаў». З 29 на 30 кастрычніка 1937 году савецкія спэцслужбы расстралялі больш за сто прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі — паэтаў, літаратараў, вучоных, дзяржаўных дзеячаў. Пачуўшы вершы забітых, рэжысэр вырашыў стварыць спэктакль аб зьнішчэньні беларускай культуры. У спэктаклі ёсьць прамая паралель з тым, што адбываецца ў Беларусі, пачынаючы з 2020 году.
Ідэя паставіць спэктакль пра падзеленыя беларускія семʼі зьявілася яшчэ ў 2022 годзе. У ім граюць акторы, якія вымушана зьехалі зь Беларусі, — Сяргей Толсьцікаў (працаваў у Новым драматычным тэатры ў Менску), Віталь Лявонаў (Горадзенскі абласны драматычны тэатар), Эмілія Пранскуце (працавала ў Тэатры імя Горкага) і Аксана Чывелева (Брэсцкі тэатар лялек). Па розных ацэнках, Беларусь у выніку пратэстаў і пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне, магло пакінуць каля 500 тысяч чалавек. У Літве беларусы сярод замежнікаў займаюць другое месца.
Форум