Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плошча марскога лёду на Зямлі дасягнула гістарычнага мінімуму. На што гэта ўплывае


Марскі лёд у Арктыцы, ілюстрацыйнае фота
Марскі лёд у Арктыцы, ілюстрацыйнае фота

Плошча марскога лёду дасягнула мінімуму ў гісторыі назіраньняў, вынікае са зьвестак Нацыянальнага цэнтру па сьнезе і лёдзе ЗША.

На 16 лютага сукупная плошча марскога лёду ў Арктыцы і Антарктыдзе склала 15,86 мільёна квадратных кілямэтраў. Папярэдні мінімум на гэтую дату быў зафіксаваны два гады таму — 16,08 мільёна квадратных кілямэтраў.

На думку экспэртаў, зь якімі паразмаўляла ВВС, ледзяное покрыва становіцца меншым з прычыны пацяпленьня паветра і вады. Таксама яго разбурэньню спрыяюць штормы, уплыў якіх узмацняецца па меры вытанчэньня лёду.

Скарачэньне марскога лёду на палюсах уплывае на жыцьцё жывёлаў: пінгвінам ён неабходны для размнажэньня, а белым мядзьведзям — для паляваньня. Акрамя таго, раставаньне льдоў, якія адлюстроўваюць сонечнае сьвятло, спрыяе далейшаму награваньню плянэты — і павелічэньню колькасьці зьвязаных зь ім катаклізмаў.

Паводле зьвестак эўрапейскага кліматычнага цэнтру Copernicus, 2024 год стаў самым гарачым за 175 гадоў назіраньняў. На Зямлі стала на 0,72°C цяплей, чым у сярэднім за 1991-2020 гады, і на 1,6°C — чым у даіндустрыяльным пэрыядзе. Такім чынам, леташняе пацяпленьне ўпершыню перавысіла значэньне ў 1,5°C, якое навукоўцы лічаць крытычным.

Бягучы год працягвае біць рэкорды. Студзень ужо стаў самым цёплым у гісторыі назіраньняў, перавысіўшы даіндустрыяльную тэмпэратуру на 1,75°C.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG