У паведамленьні адзначаецца, што самалёт не атрымаў бачных пашкоджаньняў і прызямліўся пасьпяхова, аднак для гарантаваньня бясьпекі далейшых палётаў «было прынята рашэньне правесьці дадатковы тэхнічны агляд судна». У выніку «Эмбраер-175» замянілі іншым паветраным суднам — «Боінг-737».
Замена самалёта пацягнула за сабой карэкціроўку раскладу палётаў і іх затрымку. Так, затрымка кожнага з рэйсаў B2-913 (Берасьце-Масква), B2-914 (Масква-Гомель), B2-915 (Гомель-Масква), B2-916 (Масква-Менск) перавысіць 4 гадзіны, гаворыцца ў паведамленьні «Белавія».
У авіякампаніі прынесьлі пасажырам «шчырыя прабачэньні за сытуацыю і дыскамфорт».
Сутыкненьні самалётаў з птушкамі адбываюцца з моманту зараджэньня авіяцыі. Паводле зьвестак Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ІКАО), штогод ва ўсім сьвеце рэгіструюцца тысячы выпадкаў сутыкненьняў з птушкамі. Больш за 80% усіх сутыкненьняў адбываецца на вышыні да 500 мэтраў, гэта значыць на этапе ўзьлёту ці пасадкі самалёта.
Адна з апошніх трагічных авіякатастрофаў у выніку сутыкненьня самалёта з птушкамі адбылася 29 сьнежня 2024 году ў Паўднёвай Карэі. У катастрофе загінулі 179 пасажыраў і чальцоў экіпажу са 181, якія знаходзіліся на борце. Выжылі два чалавекі, якія знаходзіліся ў хваставой частцы самалёта.
Форум