Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус спрабаваў атрымаць грамадзянства Ўкраіны, бо продкі ў 1918 годзе жылі на тэрыторыі УНР


Пашпарт Украінскай Народнай Рэспублікі (УНР), выдадзены на імя Адама графа дэ Мантрэсора, зямельнага ўласьніка, 1888 году нараджэньня. Ілюстрацыйнае фота
Пашпарт Украінскай Народнай Рэспублікі (УНР), выдадзены на імя Адама графа дэ Мантрэсора, зямельнага ўласьніка, 1888 году нараджэньня. Ілюстрацыйнае фота

І гэта было б законна, калі б ён змог даказаць у судзе гэтыя факты.

Грамадзянін Беларусі спрабаваў праз суд ва Ўкраіне пацьвердзіць факты жыхарства ў 1918 годзе сваіх дзеда і бабы на тэрыторыі Ўкраінскай Народнай Рэспублікі і Ўкраінскай Дзяржавы, каб на падставе гэтага атрымаць грамадзянства цяперашняй Украіны.

Як стала вядома Свабодзе, у заяве ў суд беларус паведаміў, што яго дзед нарадзіўся ў вёсцы Плотніца Пінскага павету (цяпер Столінскі раён Берасьцейскай вобласьці ў Беларусі. — РС), а баба — у вёсцы Відзібор. Як вынікала зь ліста, падрыхтаванага Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны, паселішчы Відзібор і Плотніца Столінскай воласьці Пінскага павету сапраўды ўваходзілі ў склад Украінскай Народнай Рэспублікі згодна зь Берасьцейскай мірнай дамовай і законам аб падзеле Ўкраіны на землі ад 6 сакавіка 1918 году, а ў красавіку–сьнежні 1918 году — у склад Украінскай Дзяржавы.

У той жа час грамадзянін Беларусі ня змог даказаць у судзе, што ягоныя сваякі стала жылі на тэрыторыі гэтых паселішчаў, бо, на думку судзьдзяў, «належных і дапушчальных доказаў сталага жыхарства дзеда і бабы на тэрыторыі УНР і Ўкраінскай Дзяржавы заяўнік не падаў».

Пры гэтым у судовым рашэньні адзначаецца, што суд таксама атрымаў даведку, датаваную 27 студзеня 1966 году, якую выдалі ў Сьвята-Ўзьнясенскай царкве, што дзед заяўніка з 12 жніўня 1946 году да 5 лютага 1955 году працаваў ахоўнікам і прыбіральнікам царквы, якая адносілася да Столінскага прыходу Сьвята-Міхайлаўскай царквы ў вёсцы Відзібор.

У працэсе разгляду заявы суд дапытаў грамадзяніна Беларусі і ягоную маці, але палічыў, што іхныя паказаньні ня могуць лічыцца доказамі, бо яны абодва не былі сьведкамі падзеяў.

Апэляцыйны суд пацьвердзіў рашэньне суду першай інстанцыі ў адмове задавальненьня заявы.

Згодна з украінскім заканадаўствам, грамадзянін Беларусі можа абскардзіць адмову ў касацыйным парадку.

Украінскае заканадаўства прадугледжвае некалькі падставаў для атрыманьня іншаземцамі грамадзянства Ўкраіны, у тым ліку жыхарства продкаў на тэрыторыі Ўкраінскай Народнай Рэспублікі і Ўкраінскай Дзяржавы, бо ў Канстытуцыі краіны вызначана, што Ўкраіна ёсьць праванаступніцай УНР, Заходнеўкраінскай Народнай Рэспублікі, Украінскай Дзяржавы і Ўкраінскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

Згодна з законам аб грамадзянстве, прэтэндэнт павінен даказаць, што ягоныя продкі стала жылі на гэтых тэрыторыях.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG