Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Год таму ў турме памёр расейскі апазыцыйны палітык Аляксей Навальны


Аляксей Навальны ў судзе
Аляксей Навальны ў судзе

Аляксей Навальны памёр у калёніі асаблівага рэжыму ў запалярным пасёлку Харп 16 лютага 2024 году.

Апошнія гады жыцьця Аляксей Навальны правёў у расейскіх калёніях у цяжкіх умовах. Яго 27 разоў адпраўлялі ў ШЫЗА за любыя «правіны»: «ня так назваўся», «павольна выконваў патрабаваньні», «закатаў рукавы», цытаваў рашэньні ЭСПЧ.

Палітыку сыстэматычна адмаўлялі ў мэдыцынскай дапамозе, піша «Настоящее время», якое падрыхтавала відэа «300 дзён у ШЫЗА, галадоўка, забарона на спатканьні і прамовы Пуціна. Як Навальны гінуў у турме».

Паплечнікі Навальнага лічаць, што яго забілі. Расейскія ўлады сьцьвярджалі, што сьмерць наступіла з натуральных прычын.

На Барысаўскія могілкі ў Маскве з раніцы прыходзяць людзі з кветкамі і ўскладаюць іх на магілу Навальнага. Людзей пускаюць свабодна, аднак ля магілы дзяжураць паліцыянты, у тым ліку ў цывільным.

На могілкі прыехалі бацькі Навальнага з бацькамі ягонага паплечніка Ільлі Яшына, які цяпер у эміграцыі.

Людзі нясуць кветкі ў памяць аб Навальным
Людзі нясуць кветкі ў памяць аб Навальным
На магіле Аляксея Навальнага
На магіле Аляксея Навальнага

Расейская дыяспара анансавала акцыі памяці палітыка. У Расеі акцыі памяці Навальнага не анансаваныя. Палітык быў унесены ў рэестр тэрарыстаў і экстрэмістаў, які вядуць улады, і нават пасля яго сьмерці згадка ягонага імя або публікацыя фатаграфій могуць расцэньвацца расейскімі ўладамі як падбухторваньне да экстрэмізму і пацягнуць за сабою адміністрацыйны ці крымінальны перасьлед.

Па зьвестках выданьня «Вёрстка», за саму згадку імя Навальнага ў Расеі перасьледавалі больш за 150 чалавек. Яны падвяргаліся як штрафам, так і арыштам.

Аляксей Навальны, заснавальнік Фонду барацьбы з карупцыяй, быў адным з самых яскравых апазыцыйных палітыкаў Расеі, галоўным апанэнтам прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. Праводзіў шматлікія расьсьледаваньні фактаў карупцыі ў вышэйшых эшалёнах расейскай улады.

У 2013 годзе балятаваўся на выбарах мэра Масквы, атрымаўшы 27% галасоў выбарцаў. У 2020 годзе перажыў спробу атручэньня баявым атрутным рэчывам «Навічок». Пасьля лячэньня ў Нямеччыне ў 2021 годзе вярнуўся ў Расею, дзе быў неадкладна арыштаваны і атрымаў шэраг прысудаў, у выніку назначаны яму тэрмін склаў 19 гадоў пазбаўленьня волі па некалькіх крымінальных артыкулах, уключаючы экстрэмізм.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG