Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кнігі Дашкевіча і Навумчыка прызналі «экстрэмісцкімі»


Заводзкі раён Менска
Заводзкі раён Менска

Заводзкі раён Менска 11 лютага прызнаў экстрэмісцкімі кнігу Зьмітра Дашкевіча «Чарвяк», выдадзеную ў Вільні ў 2013 годзе, а таксама выданьні Сяргея Навумчыка «Дзевяноста другі» і «Дзевяноста трэці», выдадзеныя ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды».

Кніга «Чарвяк» – гэта нізка аповедаў і турэмных гісторый, якая была напісана падчас двух турэмных тэрмінаў экс-кіраўніка Маладога Фронту. За свой твор Дашкевіч неаднаразова быў у сьпісе намінантаў літаратурных прэмій, а ў 2017 годзе стаў ляўрэатам прэміі імя Францішка Аляхновіча.

Абедзьве кнігі былога журналіста Радыё Свабода Сяргея Навумчыка прысьвечаныя першым гадам незалежнасьці Беларусі.

У кнізе «Дзевяноста другі» Сяргей Навумчык разглядае 1992-гі год, калі быў забаронены рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах у Вярхоўны Савет, як год пачатку драмы беларускай дэмакратыі. У пятым томе хронікі, «Дзевяноста трэці», аднаўляецца барацьба ў парлямэнце за і супраць вайсковых саюзаў, за энэргетычную незалежнасьць і супраць увядзеньня прэзыдэнцтва, ашаламляльныя здабыткі і паразы нацыянальнага адраджэньня і дэмакратыі, галоўныя дзейныя асобы і драматычныя наступствы іх выбару для свабоды – 1993 год вачыма ўдзельніка, дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі (1990–1995).

  • Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На гэты час у сьпісе амаль на 1500 старонках пералічаныя тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць.
  • У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
  • З 2020 году ўлады Беларусі выкарыстоўваюць гэты сьпіс для масавых рэпрэсіяў і барацьбы з іншадумствам.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG