14–16 лютага ў Мюнхэне будзе праходзіць канфэрэнцыя ў пытаньнях бясьпекі. Чакаюць, што ў ёй возьмуць удзел каля 60 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, 150 міністраў з усяго сьвету, а таксама кіраўнікі вядучых міжнародных арганізацый.
Беларускую дэлегацыю на Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў бясьпецы ачольвае Сьвятлана Ціханоўская. Яна ўжо выступіла на дыскусіі «Беларусь пасьля выбараў-2025: каталізатар пераменаў або пешка ў чужой гульні?».
У дыскусіі ўдзельнічалі ўплывовыя эўрапейскія палітыкі, дыпляматы і экспэрты, якія аналізавалі будучыню Беларусі ў зьменлівым геапалітычным кантэксьце.
«Якія нашыя інтарэсы? Яны ясныя. Нам патрэбен стабільны і справядлівы мір. Гэта магчыма толькі тады, калі Беларусь стане сувэрэннай і дэмакратычнай краінай. Для гэтага мы павінны аслабіць уплыў Расеі і яе хватку на нашай тэрыторыі. Мы патрабуем, каб расейскія войскі былі выведзеныя ня толькі з Украіны, але і з нашай зямлі», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская.
«Беларусь павінна дэмакратызавацца. Пакуль дыктатар непадсправаздачны свайму народу, ён будзе працягваць служыць Пуціну і разьменьваць беларускі сувэрэнітэт на палітычнае выжываньне. Толькі сапраўдны палітычны пераход, праз свабодныя і сумленныя выбары, можа гарантаваць захаваньне беларускага сувэрэнітэту і трываласьці міру», — адзначыла яна.
Сьвятлана Ціханоўская дадала, што беларусам, якія павінны змагацца за права на самастойнае вызначэньне будучыні, важна мець міжнародную падтрымку ў гэтым працэсе. Яна заклікала да актыўнага ўдзелу Захаду ў падтрыманьні дэмакратычных пераменаў у Беларусі і гарантаваньні бясьпекі ў рэгіёне.
Сьвятлана Ціханоўская дадала, што беларусам, якія павінны змагацца за права на самастойнае вызначэньне будучыні, важна мець міжнародную падтрымку ў гэтым працэсе. Яна заклікала да актыўнага ўдзелу Захаду ў падтрыманьні дэмакратычных пераменаў у Беларусі і гарантаваньні бясьпекі ў рэгіёне.
Галоўны выступ Ціханоўскай у панэльнай дыскусіі канфэрэнцыі чакаецца ў нядзелю 16 лютага.
Як адзначаюць заходнія сродкі масавай інфармацыі, канфэрэнцыя праходзіць на тле рэзкіх зрухаў у палітыцы ЗША ў дачыненьні да вайны ва Ўкраіне і канфлікту на Блізкім Усходзе.
«Канцлер Оляф Шольц, адзін з 60 лідэраў, зарэгістраваных для ўдзелу ў канфэрэнцыі, 13 лютага перасьцярог ад любых мірных перамоваў паміж ЗША і Расеяй без удзелу ўкраінцаў і эўрапейцаў», — піша агенцтва DPA.
13 лютага прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў аб заплянаванай у Мюнхэне (Нямеччына) сустрэчы прадстаўнікоў Масквы, Кіева і Вашынгтона. Але старшыня Мюнхэнскай канфэрэнцыі Крыстаф Гойсген, як паведаміла нямецкае выданьне Bild, заявіў, што прадстаўнікі Расеі ня маюць акрэдытацыі і ня могуць удзельнічаць у канфэрэнцыі.
«Мы не акрэдытавалі ніводнага прадстаўніка расейскага ўраду. А без акрэдытацыі сюды ня трапіць», — працытавала выданьне Крыстафа Гойсгена.
Апроч таго, паводле яго, Фэдэральны ўрад Нямеччыны не выдаваў адпаведных візаў прадстаўнікам расейскіх уладаў.
Агенцтва Reuters паведаміла, што ўвечары 14 лютага прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі сустрэнецца зь віцэ-прэзыдэнтам ЗША Дж. Д. Вэнсам і дзяржсакратаром ЗША Марка Рубіё.
Форум