Як паведаміла агенцтва AFP, кіт праглынуў 24-гадовага байдарачніка Адрыяна Сіманкаса разам зь ягонай байдаркай.
«Я думаў, ён мяне праглынуў!» — сказаў Сіманкас.
Увесь гэты эпізод удалося зафіксаваць на відэа, якое стала вірусным пасьля таго, як ягоны бацька Дэл Сіманкас апублікаваў у сацыяльных сетках. Ён быў сьведкам гэтага інцыдэнту.
Як расказаў чыліец мясцоваму тэлеканалу TVN, ён убачыў нешта «блакітна-белае», што праходзіла побач зь ягоным тварам.
«І гэта было як бы з аднаго боку і нада мной. Я не разумеў, што адбываецца, і тады затануў. Я думаў, што гэта мяне зьела», — сказаў Адрыян Сіманкас.
Адрыян Сіманкас паведаміў, што, калі знаходзіўся ўнутры сьлізістай паражніны кіта, ён пачуў дзіўныя гукі. Малады чалавек адчуў жах, калі зноў апынуўся ў вадзе, і перажываў, што кіт нападзе на яго бацьку.
Ягоны бацька дадаў, што спалохаўся, калі не пабачыў Адрыяна на вадзе.
«Гэта быў адзіны момант страху, які ў мяне сапраўды быў, таму што я ня бачыў яго каля трох сэкундаў. І раптам ён „выстраліў“», — сказаў Дэл Сіманкас.
У выніку абодва пасьпяхова дабраліся да берага.
Экспэрты сьцьвярджаюць, што кіт ніяк ня мог праглынуць байдарачніка, бо ў гарбатых кітоў маленькае горла.
«Падобна на тое, што байдарка знаходзілася проста ў месцы кармленьня кітоў (крылем або рыбай)», — пракамэнтавала інцыдэнт марскі біёляг Марыя Хасэ Пэрэс з Чылійскага ўнівэрсытэту.
Таму відаць, што ён «усплывае на паверхню бокам, з разяўленай пашчай».
«Такія выпадкі вельмі рэдка здараюцца і могуць адбывацца толькі побач зь бясшумнымі суднамі, такімі як байдаркі», — сказала экспэртка. Яна мяркуе, што кіт, падобна, проста не заўважыў маленькую лодку.
Форум