Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт заклікаў узмацніць санкцыі супраць прадстаўнікоў кіроўнай партыі ў Грузіі


Пасяджэньне Эўрапарлямэнту. Архіўнае фота
Пасяджэньне Эўрапарлямэнту. Архіўнае фота

У лістападзе 2024 году заява грузінскага ўраду аб прыпыненьні да 2028 году перамоваў аб уступленьні Грузіі ў ЭЗ выклікала масавыя пратэсты, на якія ўлады адказалі рэпрэсіямі.

Эўрапейскі парлямэнт заклікаў Раду Эўразьвязу і краіны-удзельніцы арганізацыі «ўвесьці санкцыі датычна сеткі прыхільнікаў Бідзіны Іванішвілі, яго элітнага атачэньня, карумпаваных фінансістаў, прапагандыстаў і тых, хто падтрымлівае рэпрэсіўны дзяржаўны апарат».

Як паведаміў праект Радыё Свабода «Эхо Кавказа», рэзалюцыю падтрымалі 400 эўрадэпутатаў, супраць выказаліся 63 і яшчэ 81 устрымаўся пры галасаваньні.

Эўрапарлямэнт прапанаваў увесьці санкцыі супраць сваякоў Бідзіны Іванішвілі, бізнэсоўцаў, якія яго падтрымліваюць, кіраўнікоў Нацыянальнага банку і Службы дзяржаўнай бясьпекі і ўласьнікаў тэлеканалаў, якія інфармацыйны падтрымліваюць партыю «Грузінская мара».

Увядзеньне пэрсанальных санкцый ЭЗ патрабуе кансэнсусу ўсіх краін аб’яднаньня. Цяпер гэта немагчыма, паколькі Вугоршчына і Славаччына выступілі супраць санкцый. Таму Эўрапарлямэнт заклікаў краіны ўводзіць санкцыі на нацыянальным узроўні.

Пятая прэзыдэнтка краіны Саламэ Зурабішвілі заявіла, што новая рэзалюцыі Эўрапарлямэнту толькі пацьвердзіла, што ўлады Грузі ня маюць легітымнасьці.

«Адзін шлях уперад для нашай краіны — гэта новыя, свабодныя і справядлівыя выбары. Эўрапейскую будучыню Грузіі павінен вызначыць яе народ», — напісала Саламэ Зурабішвілі на сваёй старонцы на плятформе Х.

У партыі «Грузінская мара» назвалі рэзалюцыю Эўрапарлямэнту наратывам аб «глыбіннай дзяржаве». У партыі Іванішвілі перакананыя: або Deep State («глыбінная дзяржава») зьнішчыць ЭЗ, або Эўразьвяз знойдзе сілы нейкі чынам пазбавіцца ад уплыву Deep State. У партыі падкрэсьлілі, што пасьля гэтай рэзалюцыі «абсалютна немагчыма ўспрымаць Эўрапейскі парлямэнт усур’ёз».

  • У кастрычніку 2024 году кіроўная прарасейская партыя «Грузінская мара» абвясьціла пра перамогу на парлямэнцкіх выбарах у Грузіі. Грузінская апазыцыя не прызнае вынікаў гэтых выбараў і заяўляе пра фальсыфікацыі.
  • У лістападзе 2024 году заява грузінскага ўраду аб прыпыненьні да 2028 году перамоваў аб уступленьні Грузіі ў ЭЗ выклікала масавыя пратэсты, на якія ўлады адказалі рэпрэсіямі. Пратэсты працягваюцца дагэтуль.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG