Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы нічога не тушылі». Што гомельскія службы гавораць пра начныя выбухі над горадам


Рэшткі расейскага дрона, які прыляцеў у Кіеў, 2023. Ілюстрацыйнае фота
Рэшткі расейскага дрона, які прыляцеў у Кіеў, 2023. Ілюстрацыйнае фота

Зьвесткі пра магчымае падзеньне бесьпілётніка ў цэнтры гораду зьявіліся ўначы 13 лютага. Пра сэрыю гучных выбухаў Свабодзе расказалі мясцовыя жыхары.

Уначы з 12 на 13 лютага жыхары Гомля ў розных мікрараёнах чулі гукі выбухаў, некаторыя зь іх бачылі ў небе падзеньне невядомага аб’екта. Відэа з гэтым апублікавалі тэлеграм-каналы. Раніцай 13 лютага зьявілася першая рэакцыя праўладных канлаў.

«Сёньня ў раёне паловы на першую ночы над Гомлем сыстэмамі СПА УС РБ зьбіты „транзытны госьць“. У кадры падаюць часткі зьнішчанага аб’екта», — паведаміў тэлеграм-канал «Белорусский силовик».

«Говорит Гомель» больш асьцярожныя ў ацэнках. «У сетцы распаўсюджваюцца відэаролікі аб меркаваным падзеньні нейкага аб’екта ў Гомлі. Для пацьверджаньня ці абвяржэньня гэтай інфармацыі неабходны камэнтары афіцыйных крыніц! Усё ў парадку, супакойцеся!» — напісалі аўтары гэтага праўладнага канала.

На ўмовах ананімнасьці пра начныя падзеі Свабодзе расказалі жыхары Гомля. Яны адназначна пацьвярджаюць — уначы над горадам былі чуваць моцныя выбухі, а жыхары абласнога цэнтру раніцай 13 лютага абмяркоўваюць магчымае падзеньне невядомага лятальнага апарата.

Сяргей жыве ў самым цэнтры Гомля. Ён расказвае, што ўначы каля 00:30 чуў два магутныя выбухі, якія прагучалі адзін за другім.

«Ня ведаю, дзе дакладна, але ў цэнтры было добра чуваць», — расказвае ён. Сяргей лічыць, што выбухі зьвязаныя з вайсковымі бесьпілётнікамі.

«Яны недзе тут упалі, і ня так далёка ад цэнтру, калі ўлічваць гучнасьць падзеньня», — расказвае ён.

Жыхарка Гомля Сьвятлана расказвае, што ўначы прачнулася ад гукаў выбуху. А ў аўтамабілях, прыпаркаваных ля яе дому, спрацавала сыгналізацыя.

Відэа з падзеньнем невядомага аб’екта, ахопленага агнём, распаўсюджваюцца ў тым ліку ў гарадзкіх пабліках «ВКонтакте». Жыхары Гомля ў камэнтарах пішуць, што таксама чулі гук выбуху ў розных мікрараёнах Гомля.

У Гомельскім гарадзкім аддзеле надзвычайных сытуацый журналісту Свабоды, які патэлефанаваў туды як занепакоены грамадзянін, расказалі, што ліквідацыяй наступстваў падзеньня рэшткаў невядомага аб’екта на горад не займаліся.

«Нам такіх зьвестак не паступала, мы не выяжджалі, не тушылі нічога. У нас нічога не было, усё ціха і спакойна», — паведамілі там.

У гарадзкім вайсковым камісарыяце таксама нічога не гавораць пра выбухі.

«А вы гэта бачылі ці чулі? Ну ня ведаю. У нас усё нармальна, усё штатна», — адказалі там.

Дзявятага лютага выданьне «Флагшток» паведамляла пра падзеньне дрона ў цэнтры Хойнікаў. Па словах відавочцаў, тады дрон «прызямліўся» непадалёк райвыканкаму, прыкладна ў 3:30 ночы. Пазьней яго вывезьлі і ўзарвалі.

Уначы з 12 на 13 лютага Расея чарговы раз атакавала Ўкраіну. Пад удар трапіла і суседняя з Гомельшчынай Чарнігаўскай вобласьць. Ці можа быць гэтая атака зьвязаная з начнымі падзеямі ў Гомлі, пакуль невядома.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG