Ва Ўзброеных сілах Украіны не заявілі, што за інфармацыйна-псыхалягічнай кампаніяй супраць мабілізацыі ва Ўкраіне стаяць беларускія і расейскія крыніцы.
«Разьбіраючыся з крыніцамі інфармацыйных укідаў, у прыватнасьці, правакацыйных відэа па ТЦК (тэрытарыяльныя цэнтры камплектаваньня — аналяг ваенкаматаў. — РС), мы высьветлілі, што 75% усіх каналаў у сетцы маюць расейскую і беларускую прапіску. Найбольш дзейнымі інструмэнтамі ў руках краіны-агрэсаркі для публічнага расхістваньня тэмы мабілізацыі ва Ўкраіне сталі Telegram-каналы і сэрвісы ТікТок», — сказаў галоўны спэцыяліст Упраўленьня камунікацый Камандаваньня Сухапутных войскаў Узброеных сл Украіны палкоўнік Тарас Дзюба ў інтэрвію дзяржаўнаму агенцтву «Укрінформ».
Паводле яго, цяпер ва Ўкраіне найвышэйшы ўзровень даверы да Ўзброеных сіл (УСУ) і найніжэйшы — да ТЦК, якія таксама ў складзе ЎСУ.
«Згодна з рэальнай статыстыкай, штодзень прадстаўнікі тэрытарыяльных цэнтраў камплектаваньня інфармуюць прыблізна 10 тысяч чалавек. А канфліктных сытуацый пры іх удзеле, якія могуць быць прадметам цікаўнасьці з боку органаў правасудзьдзя, сустракаецца толькі ад двух да пяці! Дэ-факта маем далёка не крытычную абстаноўку. Але ж інфармацыйнае маштабаваньне, якое падтрымлівае агрэсар, робіць сваю справу», — патлумачыў Тарас Дзюба.
Апошнім часам ва Ўкраіне адбылося некалькі выпадкаў падрыву ТЦК і нападаў на іх прадстаўнікоў. Улады Ўкраіны сьцьвярджалі, што гэта адбываецца пад куратарствам расейскіх спэцслужбаў.
Форум