Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЭЗ расьсьледуюць закупку беларускіх тралейбусаў Баўгарыяй. Падрадчыка падазраюць у махлярстве на 4,5 млн эўра


У Баўгарыі расьсьледуюць закупку беларускіх тралейбусаў для муніцыпалітэту Ўраца. Падрадчыку выставілі абвінавачаньне ў махлярстве на суму 4,5 мільёна эўра.

Эўрапейская пракуратура ў Сафіі (Баўгарыя) падала ў Сафійскі акруговы суд абвінаваўчы акт супраць мэнэджара і ўладальніка кампаніі, якіх падазраюць у махлярстве пры дзяржаўных закупках для набыцьця дзевяці электрычных тралейбусаў для муніцыпалітэту Ўраца. Праект коштам 4,5 млн эўра фінансаваў Эўрапейскі фонд узгодненага ўзаемадзеяньня (European Cohesion Fund) у рамках мераў для скарачэньня забруджваньня паветра, паведамляецца ў прэс-рэлізе Эўрапейскай пракуратуры.

Падчас публічнага тэндэру ўладальнік кампаніі, каб атрымаць кантракт, заявіў, што тралейбусы зробленыя польскай кампаніяй. Згодна з наяўнымі доказамі, кампанія замест гэтага набыла тралейбусы ў беларускай дзяржаўнай кампаніі, якая пазьней трапіла пад санкцыі ЭЗ за падтрымку вайны Расеі супраць Украіны. Польскую кампанію зьліквідавалі неўзабаве пасьля завяршэньня працэдуры дзяржаўных закупак.

Расьсьледаваньне паказала, што падрадчык прадаў беларускія тралейбусы амаль удвая даражэй за першапачатковую цану, якую заплаціў сам.

Калі дырэктара і мэнэджара кампаніі-падрадчыка прызнаюць вінаватымі, ім пагражае ад 2 да 8 гадоў турэмнага зьняволеньня.

Расьсьледаваньне пачалі пасьля таго, як Эўрапейскую пракуратуру інфармавала пра сытуацыю прыватная асоба. Эўрапейская пракуратура зьвяртае ўвагу, што ніводзін з баўгарскіх нацыянальных рэгуляцыйных органаў не паінфармаваў яе аб парушэньні. Больш за тое, эўрапейскі дэлегаваны пракурор сутыкнуўся з сытуацыяй, калі запытаныя ім меры, ухваленыя баўгарскім судом, адказныя паліцыйныя органы выканалі толькі часткова.

  • У жніўні 2021 году кампанія «БКМ Холдынг» (шырока вядомая як «Белкамунмаш») паведамляла пра пастаўку ў Баўгарыю 9 тралейбусаў OLGERD.
  • 2 чэрвеня 2022 году Эўразьвяз зацьвердзіў пакет санкцыяў, у які, сярод іншага, трапіў «Белкамунмаш».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG