Апэратыўны штаб паінфармаваў, што 11 лютага ў 14:09 ва ўсходняй частцы Гданьскай затокі адбылося парушэньне паветранай прасторы над тэрытарыяльнымі водамі Польшчы. Туды заляцеў самалёт Су-24МР Узброеных сіл Расеі.
Самалёт, які ляцеў з Калінінградзкай вобласьці, парушыў паветраную прастору Польшчы на глыбіню да 6,5 км і прабыў там 1 хвіліну 12 сэкундаў.
«За палётам самалёта назіралі радыёлякацыйныя сыстэмы Ўзброеных сіл Польшчы. Маршрут палёту быў неадкладна зьменены пасьля ўмяшаньня штурмана Ўзброеных сілаў РФ.
Дзяжурныя польскія службы, якія кантралююць паветраную прастору, кантактавалі з расейскім бокам, які пацьвердзіў факт парушэньня паветранай прасторы Польшчы і паведаміў, што яно адбылося праз адмову навігацыйнай сыстэмы самалёта Су-24МР», — гаворыцца ў паведамленьні польскага камандаваньня.
Пэрсанал польскай сыстэмы супрацьпаветранай абароны вядзе назіраньне за паветранай прасторай Польшчы дзень і ноч, запэўніваюць польскія вайскоўцы.
Форум