Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы на гарышчы дому знайшлі два асобнікі Берасьцейскай Бібліі


Ілюстрацыйнае фота. Старонка з асобніку Берасьцейскай Бібліі 1563 году, які захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
Ілюстрацыйнае фота. Старонка з асобніку Берасьцейскай Бібліі 1563 году, які захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

На гарышчы дома ў пасёлку Покуй у Апольскім ваяводзтве Польшчы знайшлі два асобнікі Берасьцейскай Бібліі. Дырэктар Дзяржаўнага архіве ў Аполе пацьвердзіў, што гэта арыгіналы 1563 году, паведамляе Radio Zet.

З прыкладна тысячы выдадзеных асобнікаў да нашых дзён захавалася менш за 140.

Берасьцейская Біблія, вядомая таксама пад назвай Радзівілаўская, — другі (пасьля каталіцкай Бібліі Леапаліта) поўны пераклад Сьвятога Пісьма на польскую літаратурную мову XVI стагодзьдзя. Яна была выдадзеная ў берасьцейскай друкарні на сродкі канцлера ВКЛ і берасьцейскага старасты Мікалая Радзівіла Чорнага ў 1563 годзе і была адным зь першых поўных перакладаў Новага часу з іўрыту і грэцкай. Гэтае выданьне лічыцца найбольш вялікай і багата аформленай беларускай друкаванай кнігай XVI стагодзьдзя.

Абодва выяўленыя асобнікі, знойдзеныя ў канцы 2024 году, перавезьлі ў Катавіцы, дзе іх прадэзынфікавалі і ўзялі ўзоры паперы для мікрабіялягічных дасьледаваньняў. Гэта пачатак шматмесячнай рэстаўрацыйнай працы.

На думку спэцыяліста ў старажытнапольскай літаратуры, прафэсара Дар’юша Хэмпэрэка зь люблінскага Ўнівэрсытэту Марыі Складоўскай-Кюры, гэтыя кнігі трапілі ў Верхнюю Сылезію (за межы Рэчы Паспалітай) невыпадкова: іх выкарыстоўвалі польскамоўныя пратэстанты, якія жылі ў гэтым рэгіёне. Такім чынам польская мова захоўвалася сярод простага люду.

Хутчэй за ўсё, два знойдзеныя асобнікі Берасьцейскай Бібліі належалі польскім эвангелічным сьвятарам і перадаваліся з пакаленьня ў пакаленьне, адзначаюць дасьледнікі. У ХІХ стагодзьдзі непадалёк ад месца, дзе знайшлі кнігі, знаходзілася пратэстанцкая школа, дзе дзеці вучыліся па-польску — магчыма, знойдзеныя асобнікі Берасьцейскай Бібліі маюць нейкае дачыненьне да школы. Таксама ёсьць імавернасьць, што яны былі часткай бібліятэкі вітэнбэрскіх князёў, палац якіх знаходзіўся ў Покуі. Аднак на цяперашні момант прычыны, зь якіх нехта схаваў іх на гарышчы прыватнага дому, невядомыя.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG