Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» сацыяльныя сеткі палка імя Каліноўскага і інстаграм Sw@da

абноўлена

Шаўрон Палку Каліноўскага
Шаўрон Палку Каліноўскага

Чарговае папаўненьне сьпісу «экстрэмістаў» у Беларусі, які ўлады выкарыстоўваюць для масавых рэпрэсій і барацьбы з іншадумствам.

«Экстрэмісцкімі» прызналі Telegram-канал і чат «Połk Kalinoūskaha / Полк Каліноўскага», раней у сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» траплялі іншыя старонкі палка.

У выпадку з Аляксандрам Няўзоравым, гаворка ідзе пра ягоны Telegram-канал, старонкі ў Instagram, Facebook, YouTube, сетцы «X». Такое рашэньне ўхваліў суд Цэнтральнага раёну Менску 7 лютага, піша «Вясна».

Таксама «сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» папоўнілі:

  • Telegram-каналы і чаты «Пул Францыі», «Глаза Минска — Юг», «Ямницкий флот»;
  • Instagram-старонкі «Беларуская кнiга | Жыветэка | Варшава», «Вольга Кавалькова», «Движбот», «ahdpusha»;
  • Старонкі праекту «UA Беглый в Украину»;
  • Старонкі ва «ЎКантакце» вялейскай краязнаўчай газэты «ВОЛАТ» і «Маргарита Левчук».

Таксама ўлады прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі» інстаграм польскага музыкі Sw@da. Яго дуэт са сьпявачкай Нікай Юрчук зь песьняй на падляскім дыялекце прайшоў у фінальны этап нацыянальнага адбору Польшчы на Эўравізію.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На гэты час у сьпісе амаль на 1500 старонках пералічаныя тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

З 2020 году беларускія ўлады выкарыстоўваюць гэты сьпіс для масавых рэпрэсій і барацьбы з іншадумствам.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG