Лічбы вынікаюць са зьвестак Галоўнай управы паліцыі Польшчы, атрыманых RMF FM.
Найчасьцей іншаземцаў затрымлівалі за язду на асабістым транспарце пасьля ўжываньня алькаголю.
Лідэры у затрыманьнях грамадзяне Ўкраіны — 9753 чалавекі. Яны значна апярэджваюць грамадзянаў усіх іншых дзяржаў. На другой пазыцыі ў сумным рэйтынгу грамадзяне Грузіі — 1780 чалавек.
Трэцяе месца ў рэйтынгу парушальнікаў правапарадку занялі беларусы. Іх каралі 1122 разы. Грамадзянаў Беларусі 178 разоў лавілі на кіраваньні аўтамабілем пасьля ўжываньня алькаголю, 130 разоў за крадзяжы і 59 затрыманьняў адбыліся ў справах аб хабарніцтве.
Нягледзячы на тое, што «п’яная язда» на першым месцы сярод парушэньняў закону, колькасьць за год упала адразу на 408 выпадкаў. Яшчэ адной праблемай зьяўляецца ўжываньне наркотыкаў, на якіх летась папаліся 1899 асобаў.
Улады Польшчы тым часам рыхтуюць больш строгія захады адносна парушальнікаў закону.
«Кожны, хто, наведваючы Польшчу, скарыстаецца нашай гасьціннасьцю і груба парушыць закон, будзе дэпартаваны з Польшчы», — заявіў прэм’ер-міністар краіны Дональд Туск падчас прэс-канфэрэнцыі ў Эўрапейскім цэнтры салідарнасьці. Ён паведаміў, што ўжо зьвярнуўся да Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі з просьбай прадставіць хуткі плян неадкладнага рэагаваньня на арганізаваную злачыннасьць іншаземцаў.
Прэм’ер-міністар дадаў, што «найбліжэйшымі днямі гэтыя рашэньні будуць мець практычнае вымярэньне».
Форум