Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фонд BySol і выданьне «Флагшток» паведамілі пра зьяўленьне фальшывых старонак і ботаў у Telegram


Telegram
Telegram

Фонд салідарнасьці BySol і рэдакцыя гомельскага рэгіянальнага сайту «Флагшток», якія працуюць за мяжой, паведамілі пра тое, што сілавікі, каб зьбіраць інфармацыю пра ахвярадаўцаў і чытачоў, стварылі фальшывыя старонкі і боты ад іхных імёнаў.

Людзей, якія ахвяравалі ў фонд BySol, перасьцярог кіраўнік фонду Андрэй Стрыжак. Ён папрасіў уважліва глядзець на сапраўдны адрас боту.

«Сілавікі спамяць па чатах фальшывым ботам для зваротаў у BySol. Адзіны кантакт нашай гарачай лініі ў Telegram — акаўнт @help_bysol, там працуюць жывыя людзі, якія кансультуюць і падкажуць, што можна зрабіць пры пагрозе вашай бясьпецы».

Стрыжак падкрэсліў, што ініцыятыва «не карыстаецца чат-ботамі ў працы», і заклікаў да пільнасьці.

Раней BySol у сваім тэлеграм-канале папярэдзіў, што «правакатары даюць спасылкі на падстаўныя, падробленыя акаўнты і боты».

Рэдакцыя «Флагштоку» паведаміла пра тое, што заўважыла ў Telegram «фальшывых ботаў для сувязі» і заклікала чытачоў «пазьбягаць і не актывізаваць іх».

«Падобна, яны створаныя спэцслужбамі для дэананімізацыі карыстальнікаў Telegram, якія жадаюць даслаць інфармацыю рэдакцыі „Флагштоку“. Адзіны канал для сувязі — акаўнт @fuckshtok», — адзначыла рэдакцыя, падкрэсьліўшы, што «ботаў не выкарыстоўвае».

Пачынаючы з 2020 году лукашэнкавы сілавікі неаднаразова стваралі фальшывых ботаў і старонкі розных ініцыятываў, фондаў і СМІ. У прыватнасьці так рабілі, каб выяўляць ахвочых ехаць на вайну за Ўкраіну. Пасьля адпраўкі інфармацыі ў фальшывы бот ці на падробленую старонку людзей затрымлівалі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG