Згодна зь інфармацыяй Telegram-каналу «Флагшток — Гомельшчына», уначы 9 лютага ў Беларусь заляцелі прынамсі 12 расейскіх дронаў, абясшкоджаныя сродкамі радыёэлектроннай барацьбы ва Ўкраіне пасьля начной атакі Расеі.
«Флагшток — Гомельшчына» піша, што інцыдэнты адбыліся як мінімум у трох гарадах — над Гомлем, Мазыром і Хвойнікамі (Хойнікамі).
Відавочцы падзеі ў Хвойніках паведамілі, што адзін дрон «прызямліўся» паблізу Хвойніцкага райвыканкаму і ледзь не пацэліў у пяціпавярховы жылы дом 3 на завулку Катоўскага.
«Ляцеў з боку паўночнага ўсходу. Упаў амаль у пяціпавярховік. Увесь дом эвакуавалі, засялілі ў гатэль. Прылеглыя крамы днём зачынілі. Пасьля абеду дрон вывезьлі і падарвалі. Увесь горад на вушах. Купу міліцыі нагналі, у тым ліку АМАП», — працытавала выданьне аднаго з відавочцаў.
Другі чалавек дадаў, што месца цалкам ачапілі, прыехалі сапэры, МНС і міліцыя.
Побач зь месцам падзеньня дрону ў Хвойніках музычная школа. У ёй не спынялі заняткаў.
Паводле апэратыўнага камандаваньня Ўкраіны, у ноч на 9 лютага Расея атакавала Ўкраіну 151 дронам, зь якіх 70 зьбілі, а 74 абясшкодзілі пры дапамозе сродкаў радыёэлектроннай барацьбы. Украінскі бок не паведамляў прыблізнай колькасьці страчаных дронаў, якія паляцелі ў бок Беларусі або вярнуліся ў Расею.
Паводле зьвестак «Флагштоку», усяго на тэрыторыю Беларусі заляцелі «як мінімум 12 бесьпілётнікаў».
Першы выбух нібыта зафіксавалі на поўдні Мазырскага раёну прыблізна а 02:07, у некаторых жыхароў на сэкунду спынялася энэргазабесьпячэньне.
У Гомлі «моцныя глухія выбухі» нібыта чулі ўва ўсіх раёнах з інтэрвалам 15–20 сэкундаў з 03:26, а ў Хвойніках прыблізна а 03:30.
Улады Беларусі не паведамлялі аб выкарыстаньні сродкаў супрацьпаветранай абароны.
- У ліпені, жніўні і верасьні тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн», які спэцыялізуецца на маніторынгу ваеннай сытуацыі, паведамляў аб мностве выпадкаў уварваньня ў паветраную прастору Беларусі бесьпілётнікаў, якімі Расея атакуе Ўкраіну.
- У ноч на 3 кастрычніка на тэрыторыю Беларусі чарговы раз заляцеў расейскі БПЛА, дрон іранскай маркі «Шахед» упаў у Каленкавічах Гомельскай вобласьці.
- 4 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка прызнаў факты парушэньня мяжы Беларусі баявымі бесьпілётнікамі і заявіў, што беларускі бок «шмат» зьбівае, нягледзячы на тое, украінскія яны ці расейскія.
Форум