Кіраўнік Полацкага раённага выканаўчага камітэту Ігар Марковіч паведаміў аб унікальнай знаходцы на тэрыторыі раёну — гэта самалёт часоў Другой усясьветнай вайны са зброяй на борце.
«Калі самалёт падымуць, яго вывучэньнем зоймуцца гісторыкі», — адзначаецца ў Telegram-канале кіраўніка выканаўчай улады Полацкага раёну.
Паводле яго, на месцы знойдзенага самалёта будзе працаваць пошукавы атрад вайсковай часткі 5530. Інфармацыі пра тое, якому боку ў вайне належаў самалёт, няма.
У публікацыі мясцовай раённай газэты «Полацкі весьнік» адзначаецца, што самалёт у балоце знайшоў мясцовы жыхар. Аднак ніякіх фатаздымкаў зь месца падзеі не публікуюць.
Выданьне info214.by паведаміла, што знойдзены самалёт стане асновай новай экспазыцыі ў Полацкім музэі баявой славы.
«Гісторыкі мяркуюць, што знойдзеныя аб’екты могуць быць зьвязаны зь легендарнай апэрацыяй „Зорачка“. [...] Апэрацыя „Зорачка“ уключала ў сябе вываз людзей на кантраляваную партызанамі тэрыторыю ў вёсцы Бельчыца (Віцебская вобласьці, Полацкі раён)», — адзначае выданьне.
Апэрацыю «Зорачка» у лістападзе 1943-га – красавіку 1944 году правялі партызаны Полацка-Лепельскага партызанскага аб’яднаньня. У часе яе вывозілі з акупацыі выхаванцаў Полацкага дзіцячага дому №1, якіх утрымлівалі ў вёсцы Бельчыца. На другім этапе іх эвакуавалі франтавыя лётчыкі ў савецкі тыл. Як адзначаюць гісторыкі, гэта быў адзіны выпадак у гісторыі Другой усясьветнай вайны, калі зь нямецкай акупацыі партызаны змаглі вызваліць каля 200 чалавек, а потым пераправіць іх у савецкі тыл.
Форум