Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як уладам ратаваць дэмаграфічную сытуацыю


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Улады Беларусі зноў хвалююцца і кажуць, што трэба стабілізаваць колькасьць насельніцтва. Відаць, зараз створаць яшчэ парачку працоўных групаў па стратэгічным разьвіцьці, напішуць некалькі праграмных палажэньняў і прыдумаюць ды расьпішуць бюджэт на рэалізацыю напрамку. Тэма важная і — галоўнае — пэрспэктыўная.

Разьвітыя краіны перамагчы дэмаграфічны крызіс ніяк ня могуць, бо такая рэальнасьць — калі ў жанчын больш доступу да адукацыі і лепшыя ўмовы для будаваньня кар’еры, дзеці ці іх адсутнасьць нашмат часьцей становяцца вынікам асэнсаванага выбару, а не абавязковай прыступкай на жыцьцёвым шляху.

А калі штосьці робіцца пытаньнем выбару, дык лягічна, што розныя людзі будуць абіраць рознае. У выпадку з дэмаграфіяй гэта значыць, што калі жанчына нараджае не «па інэрцыі», а ў выніку загадзя прынятага рашэньня, дзяцей у цэлым нараджаецца менш.

Таму ў Беларусі ёсьць аб’ектыўныя, так бы мовіць, актуальныя для ўсіх разьвітых краін прычыны дэмаграфічнага крызісу. Але ёсьць і свае ўласныя. І перад тым як прыдумляць новы ровар, уладам добра было б зьвярнуць увагу на слана ў пакоі. Бо калі яго ігнараваць, ён патрушчыць і ўсе наступныя ровары.

Па-першае, нараджаць у Беларусі страшна. Рэпрэсіі працягваюцца, і арыштоўваюць нават людзей, у якіх зусім малыя дзеці. Сярод палітзьняволеных ёсьць нават цяжарныя жанчыны! Безумоўна, рызыка арышту спыняе ня ўсіх, але пэўная колькасьць жанчын адкладаюць праз гэта цяжарнасьць да лепшых часоў ці ўвогуле вырашаюць, што ніколі ня будуць нараджаць. І трэба разумець, што сярод іх шмат акурат добра адукаваных жанчын з высокім узроўнем адказнасьці, якія пры іншых абставінах былі б вельмі клапатлівымі маці.

Жадаеце паляпшэньня дэмаграфічнай сытуацыі? Зрабіце, каб нараджаць было ня так страшна.

Па-другое, за апошнія гады зь Беларусі зьехала велізарная колькасьць людзей. Шмат хто ня вернецца, нават калі рэжым зьменіцца ўжо заўтра. Але шмат і тых, хто вельмі чакае магчымасьці вярнуцца дадому. Яны хочуць гадаваць сваіх дзяцей у Беларусі. Хочаце, каб у краіне было больш дзяцей і моладзі? Дайце магчымасьць прыехаць у Беларусь і спакойна там жыць.

Па-трэцяе, сацыяльная сфэра ў Беларусі патрабуе вялікіх рэформаў. Адмыслоўцы і іншыя неабыякавыя людзі працуюць над тым, каб у будучыні ў Беларусі былі лепшыя сыстэмы мэдыцыны і адукацыі і каб больш эфэктыўнай была сыстэма сацыяльнай дапамогі. Адных прыгожых словаў мала для таго, каб людзі і самі не зьяжджалі зь Беларусі, і гадавалі там сваіх дзяцей. Для гэтага трэба рэальныя зьмены. Хочаце аслабіць крызіс? Прыслухоўвайцеся да таго, што кажуць адмыслоўцы пра хібы ў сваёй галіне.

Магчыма, тады штосьці і атрымаецца, і Беларусь, як бы гэта банальна ні гучала, стане краінай для жыцьця. А пакуль што мы на той стадыі, калі кропкавыя вызваленьні палітзьняволеных — гэта ўжо вялікае шчасьце. І гэта зусім не такая краіна, у якую хочацца прыводзіць новага чалавека.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG