Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча аб’явіла ў вышук асуджаную за шпіянаж беларуску Дарʼю Астапенку


Супрацоўнікі паліцыі. Ілюстрацыйнае фота
Супрацоўнікі паліцыі. Ілюстрацыйнае фота

Дар’я Астапенка не зьявілася для адбываньня пакараньня і ня выплаціла ў належны час 3850 даляраў.

Польшча абʼявіла ў вышук асуджаную восеньню мінулага года ў Польшчы за шпіянаж 37-гадовую беларуску Дарʼю Астапенку. Такая інфармацыя зьявілася на сайце польскай паліцыі.

Беларуску судзілі паводлее артыкулу аб удзеле ў дзейнасьці замежнай выведкі (частка 1 артыкулу 130 КК Польшчы), яе пакаралі 1 годам і 8 месяцамі зьняволеньня, але суд вызваліў яе з-пад варты да разгляду апэляцыі. Пасьля гэтага Астапенка не зьявілася на адбыцьцё пакараньня і зьнікла.

Таксама Астапенка не сплаціла 15 546 злотых (каля 3850 даляраў) у якасьці кампэнсацыі атрыманага злачынным шляхам даходу. На выплату ёй давалі 30 дзён. Калі тэрмін выйшаў, было вынесенае распараджэньне перадаць справу ў адпаведны падатковы орган для ініцыяваньня выканаўчага вядзеньня.

Дар’ю затрымалі ў Лодзі ў сьнежні 2023 году, западозрыўшы ў працы на Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі. Беларускія мэдыя высьветлілі, што гэта былая актывістка «Гавары праўду» з Баранавічаў, колішняя давераная асоба кандыдата на прэзыдэнцтва Андрэя Дзьмітрыева. Вэтэрынарка з адукацыі, Дар’я падпрацоўвала мадэльлю на сайце для дарослых «OnlyFans». Сьцьвярджалася, што ў смартфоне жанчыны былі знойдзеныя доказы ейнай супрацы з Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі яшчэ з 2017 году, паведамляў «Белсат».

Па пераезьдзе ў Польшчу беларуска спрабавала наладжваць кантакты з актывістамі беларускай дыяспары, трапіць у арганізацыі, прапаноўваючы валянтэрскую дапамогу, зьбірала інфармацыю пра «Паспалітае рушэньне», беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне і тых, хто ім дапамагае. Дар’я выдала сябе, калі падчас нецьвярозай размовы прагаварылася знаёмым пра сапраўдныя мэты актыўнасьці ў Польшчы. Пасьля гэтага інфармацыю пра жанчыну перадалі ў польскае Агенцтва ўнутранай бясьпекі, у той жа дзень яе затрымалі.

Дарʼю асудзілі за шпіянаж на турэмнае зьняволеньне тэрмінам 1 год 8 месяцаў з надзвычайным зьмякчэньнем. Дзевяць месяцаў пад вартаю залічылі ў тэрмін пакараньня і пастанавілі вызваліць яе, калі ня выявіцца падставаў для далейшага ўтрыманьня.

Выданьне Gazeta.pl пісала, што суд над ёю быў вельмі кароткі. У апошнім слове беларуска выказала шкадаваньне, што бяздумна пагадзілася на супрацу са спэцслужбамі; са сьлязьмі на вачах казала, што яе прымусілі; наракала, што за дзевяць месяцаў за кратамі ў яе абвастрылася дэпрэсія.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG