Прэмію для беларускіх навукоўцаў заснавала супольнасьць зына Pamyłka («Памылка»). Зын — гэта скарачэньне ад ангельскага «magazine» (часопіс), аматарскае малатыражнае выданьне. «Памылка» выдаецца ў Варшаве ўжо трэці год невялікай калябарацыяй энтузіястаў. Выйшла шэсьць нумароў, ідзе праца над сёмым. У прыярытэце дакладныя, прыродазнаўчыя навукі — матэматыка, фізыка, хімія, біялёгія, мэдыцына. А таксама міждысцыплінарныя, напрыклад на стыку біялёгіі і філязофіі, фізыкі і біялёгіі. Артыкулы друкуюцца ў «Памылцы» па-беларуску.
Чаму «Бізон Гіґс»?
Першую беларускую навуковую прэмію заснавальнікі назвалі па аналёгіі з «базонам Гігза», «гігзаўскім базонам» — часьціцай, дзякуючы якой іншыя часьціцы набываюць масу. У 2013 годзе Нобэлеўская прэмія ў фізыцы была прысуджана Пітэру Гігзу и Франсуа Энглеру, тлумачыць Міхаіл Воўчак.
«Трэба рабіць навуку, фундамэнтальную навуку — і гэта можа „стрэліць“. На базе аднаго адкрыцьця можа зьявіцца наступнае адкрыцьцё, як „базон Гігза“, які быў адкрыты ў 2012 годзе ў выніку выпрабаваньняў у Вялікім андронным каляйдэры. І гэта вельмі натхняе. Шмат навукоўцаў памыляліся, але калі ёсьць дыскусія, за адным можа выявіцца праўда. Ну а „бізон“ — гэта адсылка на беларускага зубра», — тлумачыць каардынатар прэміі для беларускіх навукоўцаў.
Міхаіл Воўчак называе тры прычыны, чаму зьявіўся «Бізон Гіґс», а таксама тлумачыць, як адбывалася вылучэньне намінантаў.
«Першае — гэта камунікацыя, якая пазытыўна ўплывае на саміх навукоўцаў. Другое — людзі зьвяртаюць больш увагі на навуковую сфэру, яны таксама могуць непасрэдна ўплываць, у тым ліку і сваімі рэсурсамі — прэмія зьбіралася за кошт унёскаў беларусаў, краўдфандынгам. Сам працэс вылучэньня на прэмію быў максымальна адкрыты — два беларусы маглі намінаваць беларуса-навукоўца, якога лічыць вартым. Ну і трэцяе — гэта фінальны крок, зараз адбываецца галасаваньне. Яно сымбалічнае, людзі проста аддаюць сваю прэфэрэнцыю пэўнаму навукоўцу», — тлумачыць сацыятэхнік Міхаіл Воўчак.
Ад штучнага інтэлекту да арніталёгіі
На прэмію вылучылі намінантаў у шасьці розных галінах навукі: лічбавыя камунікацыйныя тэхналёгіі; матэматыка; мэдыцына; квантавая хімія; штучны інтэлект; арніталёгія. На іх прэтэндуюць наступныя навукоўцы:
1. Павал Урбановіч, Аляксандар Пінчэнкаў, Аляксандар Кудраватых — адны зь першых, хто ствараў кампутарныя лякальныя сеткі ў Менску, якія паслужылі будаваньню супольнасьці сяброў у дварах. Гэтыя людзі ўкладаліся ня толькі сваймі ведамі і часам, але і грашыма, каб пабудаваць інфраструктуру для сувязі людзей.
2. Алег Ціханенка — стваральнік беларускамоўных падручнікаў з матэматычнай дысцыпліны. У выдавецтве «Тэхналёгія» ў 2023 годзе выйшаў падручнік «Асновы стахастычнай тэорыі абслугоўваньня». Праца стала важнай для пабудовы цалкам беларускай сыстэмы вышэйшай адукацыі, лічаць заснавальнікі прэміі.
3. Юлія Сандамірская вылучаная ў галіне «штучны інтэлект, робататэхніка». Яе працы грунтуюцца на нэўраморфнай тэхналёгіі. Гэта падыход да вылічэньняў, натхнёны працаю мозгу: ён імітуе, як нэўроны і сынапсы апрацоўваюць інфармацыю. Такая рыса робіць нэўраморфную тэхналёгію ідэальнаю для штучнага інтэлекту, робататэхнікі і энэргаэфэктыўных прыладаў, якія вучацца і рэагуюць, як людзі. Навуковая група Юліі Сандамірскай стварае новыя тэхналёгіі ў сыстэме аховы здароўя і догляду асобаў старога веку.
4. Дзяніс Кіцель (біялёгія, арніталёгія). Дзяніс — спэцыяліст у стракозах і прыродаахоўнiк. У ліпені 2024 году апублікаваў артыкул «Check-list of the Odonata of Belarus», у якім сабраў і прааналізаваў усю даступную інфармацыю пра стракозаў Беларусі. Прысьвяціў шмат гадоў вывучэньню птушак, арганізоўваў штучныя гнезьдзішчы для драпежных птушак і соваў. Цяпер працягвае працу ў Грузіі. Усталёўвае гнездавыя скрыні для соваў, а таксама вывучае распаўсюд і харчаваньне савы сіпухі і яе ўплыў на мясцовую фаўну.
5. Зьміцер Фірага (квантавая хімія, фармацэўтыка). Ён браў удзел у распрацоўваньні мэтаду, што дазваляе шляхам разьлікаў на кампутары зь вялікай дакладнасьцю прадказаць крышталічную структуру малекулярных крышталёў. Складанасьць задачы можна параўнаць са складанасьцю прадказаньня трацічнай структуры бялка, а гэта Нобэлеўская прэмія ў галіне хіміі гэтага году. Працу Зьмітра з калегамі апублікавалі ў навуковым часопісе Nature.
6. Максім Домніч (мэдыцына, анкалёгія). Навуковец дасьледуе функцыі нэўтрафілаў у кантэксьце канцэрагенэзу, што ёсьць важнаю галіною сучаснай анкалёгіі. У сваёй працы вывучае двайную ролю нэўтрафілаў — асноўных клетак прыроджанага імунітэту — у разьвіцьці раку. Максім робіць дасьледаваньні, неабходныя для кантролю імуннага адказу, які разьвіваецца ў працэсе прагрэсу раку.
«Трэба шанаваць людзей, якія спрабуюць штосьці адкрыць»
Геаграфія вылучаных на прэмію навукоўцаў даволі шырокая. Ёсьць намінанты, імёны якіх вядомыя ў навуковым асяродзьдзі, яны маюць міжнароднае прызнаньне, навуковыя ступені, працуюць у сусьветна вядомых унівэрсытэтах. Некаторыя адносна нядаўна пачалі займацца сур’ёзнымі навуковымі дасьледаваньнямі і працуюць самастойна.
«Перасоўваньне, рух дазваляюць кампанаваць каманду, якая будзе рабіць прарывы ці пакрокавыя пасьлядоўныя дасьледаваньні. Тое, што многія беларускія навукоўцы цяпер працуюць за мяжой, гэта добра, яны ўдзельнічаюць у перадавых усясьветных супольнасьцях. А з другога боку, палітычны крызіс, рэпрэсіі падштурхоўваюць беларускіх навукоўцаў таксама шукаць працу. Ва ўзросьце ў нас няма абмежаваньняў, галоўнае, каб чалавек быў жывы. Бо часьцяком мы, на жаль, даведваемся пра выбітных навукоўцаў толькі з нэкралёгаў. Гэта сумная гісторыя. І наша прэмія была адной з прычын, што трэба шанаваць людзей, якія экспэрымэнтуюць, спрабуюць штосьці адкрыць, прысьвячаюць сваё жыцьцё навуковаму пошуку. Таму „Бізон Гігс“ і паўстаў, гэта першы пілёт», — кажа каардынатар «народнай» прэміі для навукоўцаў.
Міхаіл Воўчак заклікае беларусаў галасаваць, каб вызначыць пераможцу першай навуковай прэміі «Бізон Гігс».
Прагаласаваць можна па гэтай спасылцы:
Вынікі галасаваньня будуць вядомыя пасьля 17 лютага.
«Цікавасьць ёсьць, і гэта нас вельмі радуе, таму што на ўсіх ўзроўнях — і на ўзроўні намінаваньня, і збору рэсурсаў, і галасаваньня адбываецца працэс, які вызначаюць самі грамадзяне. Гэта вельмі важна, таму што яны паказваюць сваю цікавасьць да беларускіх навукоўцаў. І тыя навукоўцы, магчыма, яшчэ ня ўсе ведаюць, што іх намінавалі беларусы», — кажа Воўчак.
Форум