Былая палітзьняволеная Натальля Дуліна, якая ў чэрвені 2025 году выйшла на волю, але была высланая ў Літву, распавяла набор на заняткі італьянскаю моваю. Курсы арганізоўвае асацыяцыя «Талака»
«Фармуем „дарослыя“ групы ўзроўняў A2, B1, B2. Калі будзе патрэба — адкрыем групу C1. Заняткі будуць праходзіць раз на тыдзень онлайн. Узроўні A2, В1, B2 — бясплатна. C1 — зь невялікай даплатай», — паведаміла Натальля Дуліна.
Натальля Дуліна выкладае італьянскую амаль 30 гадоў, навучыла гэтай мове сотні чалавек. Жанчына згадвае, што і ў СІЗА вучыла сябровак, якія цікавіліся італьянскай.
Паводле Натальлі, гэтая мова ня толькі прыгожая і мілагучная. У навучаньні ёй ёсьць сакрэт, якім яна з радасьцю падзеліцца з слухачамі.
«Заняткі будуць праходзіць онлайн. Людзі ўжо запісваюцца. Спадзяюся набраць патрэбную колькасьць вучняў і паралельна вырашыць некаторыя арганізацыйныя пытаньні і асабістыя справы з дакумэнтамі. Добра было пасьля турмы адпачыць, дзякуй усім, хто мне дапамагаў, але жыцьцё патрабуе — працаваць. Дый трэба быць карысным, бяз гэтага таксама не магу», — патлумачыла Свабодзе свой крок Натальля Дуліна.
У 2020 годзе Натальля Дуліна працавала дацэнтам кафэдры італьянскай мовы Лінгвістычнага ўнівэрсытэту, які цяпер называецца Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт замежных моваў (БДУЗМ). За ўдзелы ў пратэстах жанчыну чатыры разы каралі адміністрацыйнымі арыштамі, а ў кастрычніку 2022 году затрымалі зноў і асудзілі на 3,5 года зьняволеньня. Свой тэрмін Натальля Дуліна не дабыла ўсяго некалькі месяцаў — 21 чэрвеня былую выкладчыцу як памілаваную зь мяшком на галаве вывезьлі да літоўскай мяжы.
«Усе кажуць, што італьянскую прыемна вучыць. Гэта так, згодная. Але ўсё ж вучыць яе няпроста, і я патлумачу вучням, чаму. А яшчэ адзначу, што італьянская мова займае асобнае месца сярод моваў сьвету як мова культурных зносін, і таму яна вельмі прэстыжная. Ахвочых авалодаць гэтай мовай заўсёды шмат, гэта бачна і сярод беларусаў, якія апынуліся, як і я, у эміграцыі», — падзялілася назіраньнямі Натальля Дуліна.
Паводле задумы, найперш на курсы прымуць асобаў з статусам уцекача: тых, хто знаходзіцца пад дадатковай міжнароднай абаронай ці толькі падаў дакумэнты, а таксама пацярпелых ад рэпрэсічў. Іншыя людзі могуць трапіць на курсы, калі будуць свабодныя месцы. Запіс ідзе праз апрацоўку пэрсанальных зьвестак і вэрыфікацыю. Навучаньне будзе весьціся па-расейску.
Курсы будуць праходзіць з падтрымкай італьянскай некамэрцыйнай арганізацыі Fondazione CR Firenze.
Форум