Прэс-служба Вярхоўнага суду раней паведамляла, што справа складаецца з 30 тамоў, у ёй праходзяць 54 сьведкі. Справу накіраваў у суд генэральны пракурор Андрэй Швед. Абвінавачаньні выставілі супраць «кіраўніка аднаго з падразьдзелаў дапаможнай паліцыі» Сямёна Серафімовіча (1910–1997).
Генпракуратура сьцьвярджае, што абвінавачаны «пазбавіў жыцьця ня менш за 4144 чалавекі, у тым ліку 622 дзяцей, у тым ліку заведама малалетніх», дзейнічаў з «асаблівай жорсткасьцю: людзі зьнішчаліся шляхам расстрэлаў з агнястрэльнай баявой зброі, спаленьня жыўцом, павешаньня і катаваньняў».
У прэс-рэлізе пракуратура падкрэсьлівала, што праца ў накіраваньні ў суд падобных крымінальных спраў будзе працягнутая.
12 сьнежня на Міжнароднай навукова-практычнай канфэрэнцыі, прымеркаванай да 76-годзьдзя прыняцьця Канвэнцыі ААН аб папярэджаньні злачынства генацыду і пакараньні за яго, Швед заяўляў, што Серафімовіч абвінавачваецца ў зьдзяйсьненьні даказаных забойстваў 2727 чалавек (зь іх 584 дзіцяці).
Раней дзяржаўныя СМІ са спасылкай на намесьніка пракурора Горадзенскай вобласьці Андрэя Скурата паведамлялі, што абвінавачаны быў «камандзірам паліцэйскіх падразьдзяленьняў на тэрыторыі Карэліцкага раёну».
Пры гэтым ёсьць сьведчаньні і пра выратаваныя Серафімовічам сем'і.
18 сакавіка 2024 году Вярхоўны суд асудзіў паводле арт. 127 КК украінца Ўладзіміра Катрука, якога абвінавацілі ў спаленьні вёскі Хатынь. З прычыны яго сьмерці ў 2015 годзе пакараньне прызначанае не было. Судовы разбор доўжыўся з 8 лютага. У крымінальнай справе Катрука, як сьцьвярджаюць улады, 35 тамоў.
19 лістапада ў Вярхоўным судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы, заведзенай на карніка Хатыні Канстанціна Смоўскага. 30 сьнежня яго прызналі вінаватым без прызначэньня пакараньня.
Форум