Днямі падчас пракладкі сетак уздоўж вуліцы Калектарнай у Менску рабочыя выкапалі траншэю на месцы былых габрэйскіх могілак, узьняўшы на паверхню шэраг надмагільных камянёў і фрагмэнты агароджы, што выклікала «абурэньне ў сеціве», паведамляе агенцтва «Минск-Новости». Сытуацыю агенцтву пракамэнтавалі ў адміністрацыі Маскоўскага раёну.
Паводле інфармацыі агенцтва, як толькі рабочыя знайшлі надмагільлі, чыноўнікі запрасілі археолягаў Інстытуту гісторыі НАН Беларусі, якія «ў бліжэйшы час вызначаць пералік дасьледаваньняў выяўленых аб’ектаў, уключаючы іх прыналежнасьць да гісторыка-культурных каштоўнасьцяў». Калі спэцыялісты пацьвердзяць гістарычную каштоўнасьць надмагільляў, чыноўнікі абяцаюць «забясьпечыць іх захаванасьць» і «прыняць усе меры для абароны».
У адміністрацыі Маскоўскага раёну агенцтву заявілі, што «работы арганізаваныя не на тэрыторыі былых могілак, а ўздоўж іх мяжы», і запэўнілі, што чалавечых парэшткаў там не знайшлі. «Цяпер працы прыпыненыя і будуць адноўленыя толькі пасьля ўліку ўсіх нюансаў і строга ў адпаведнасьці з усталяванымі нормамі і рэкамэндацыямі», — заявілі ў адміністрацыі.
Сьцьвярджаецца, што пра знаходкі таксама паведамілі габрэйскай грамадзе.
На мінулым тыдні тэлеграм-канал «Спадчына» пісаў, што падчас пракладаньня камунікацыяў на месцы зьнішчаных за савецкім часам габрэйскіх могілак у Менску ў траншэі знайшлі амаль дзясятак надмагільляў, а таксама цагляныя фрагмэнты з дэкаратыўнымі элемэнтамі, якія, на думку аўтараў рэсурсу, могуць быць «часткамі габрэйскіх пахавальняў» або «часткай гістарычнай агароджы ці брамы», выгляд якіх невядомы. Таксама, паводле зьвестак каналу, працягваюцца працы на месцы былой майстэрні Леаніда Левіна: там цяпер разрыты вялікі катлаван, дзе залітыя жалезабэтонныя канструкцыі.
Аўтары тэлеграм-каналу пра гістарычную архітэктурную спадчыну Беларусі, камэнтуючы заяву адміністрацыі Маскоўскага раёну пра тое, што «работы арганізаваныя не на тэрыторыі былых могілак», задаюцца пытаньнем: як рабочыя вызначылі, што гэта «не тэрыторыя могілак»?
«На мясцовасьці няма аніякіх пазнакаў, на геападаснове таксама няма пазнакаў, што вось тут ужо могілкі, а тут не. Калі б могілкі былі гісторыка-культурнай каштоўнасьцю, чаго безвынікова дамагаўся Астаповіч, то, акрамя ўласна тэрыторыі могілак, былі б вызначаныя зона аховы і зона культурнага слоя з рэглямэнтамі датычна земляных работ. А пакуль што на вока. Не знайшлі касьцей — значыць, яшчэ ня могілкі», — камэнтуюць аўтары «Спадчыны».
На пачатку сьнежня 2024 году стала вядома, што ў Менску ў межах рэканструкцыі зьнесьлі будынак Гістарычнай майстэрні Левіна, дзе ў 1943-м хаваліся габрэі зь Менскага гета. Канцэпцыю рэканструкцыі будынка прадставілі на грамадзкае абмеркаваньне яшчэ ў 2021 годзе, але рэалізацыя праекту зь невядомых прычын зацягнулася, і актыўныя працы там пачаліся толькі ў канцы 2024 году. У адміністрацыі Маскоўскага раёну тады запэўнілі, што пасьля дэмантажу будынак адновяць у першапачатковым выглядзе.
Форум