Калі людзі пачынаюць дзень у найлепшым эмацыйным стане, а апоўначы адчуваюць сябе горш за ўсё, на гэта ўплываюць дзень тыдня і сэзон, гаворыцца ў дасьледаваньні Лёнданскага ўнівэрсытэцкага каледжа, піша выданьне The Guardian.
Псыхічны стан па выходных звычайна больш зьменлівы, тады як у будныя дні ён застаецца стабільным, адзначаецца ў дасьледаваньні, праведзеным Унівэрсытэцкім каледжам Лёндана.
«У цэлым сапраўды ўсё здаецца лепшым раніцай», — заключылі дасьледчыкі. Іх вынікі былі апублікаваны ў часопісе BMJ Mental Health.
Псыхічнае здароўе і дабрабыт носяць дынамічны характар і могуць мяняцца як у кароткатэрміновай, так і ў доўгатэрміновай пэрспэктыве. Аднак мала дасьледаваньняў вывучалі, як гэтыя паказчыкі мяняюцца цягам сутак. А тыя, што праводзіліся, у асноўным факусаваліся на невялікіх групах людзей.
Навукоўцы вырашылі высьветліць, ці зьвязана час сутак са зьменамі псыхічнага стану, узроўню шчасьця, задаволенасьці жыцьцём, адчуваньнем яго значнасьці і пачуцьцём адзіноты. Яны таксама вывучылі, ці мяняюцца гэтыя паказчыкі ў залежнасьці ад дня тыдня, сэзону ці году.
Аналізаваліся зьвесткі дасьледаваньня Лёнданскага ўнівэрсытэцкага каледжу Covid-19 Social Study, распачатага ў сакавіку 2020 году. Рэгулярнае назіраньне вялося да лістапада 2021 году, а потым праводзіўся дадатковы маніторынг да сакавіка 2022 году.
У дасьледаваньні апрацавалі амаль мільён адказаў на апытаньні ад 50 тысяч дарослых на працягу двух гадоў.
Удзельнікі дасьледаваньня запаўнялі анкеты, у якіх адказвалі на пытаньні:
- «Наколькі шчасьлівым вы адчувалі сябе на мінулым тыдні?»,
- «Наколькі вы задаволеныя сваім жыцьцём?»
- і «У якой ступені вам здаецца, што ваша дзейнасьць мае сэнс?».
Таксама ўлічваліся такія фактары, як узрост, стан здароўя і працоўная занятасьць.
Вынікі паказалі, што ўзровень шчасьця, задаволенасьці жыцьцём і адчуваньня яго значнасьці быў вышэйшы па панядзелках і пятніцах, чым па нядзелях. Таксама ўзровень шчасьця быў вышэйшы па аўторках. Аднак не было знойдзена доказаў таго, што пачуцьцё адзіноты мянялася ў залежнасьці ад дня тыдня.
Быў выяўлены выразны ўплыў сэзону на настрой. У параўнаньні зь зімой у людзей у іншыя сэзоны назіраўся ніжэйшы ўзровень дэпрэсіўных і трывожных сымптомаў і адзіноты, а таксама больш высокі ўзровень шчасьця, задаволенасьці жыцьцём і адчуваньня яго сэнсу.
Улетку псыхічнае здароўе было найлепшым па ўсіх парамэтрах. Аднак сэзон не аказваў уплыву на адрозьненьні псыхаэмацыйнага стану на працягу сутак.
Гэта было назіральнае дасьледаваньне, таму яно не дазваляе вызначыць прычынна-выніковыя сувязі. Дасьледнікі адзначылі, што час запаўненьня анкетаў мог паўплываць на вынікі. Таксама не ўлічваліся такія фактары, як рэжым сну, геаграфічная шырыня ці надворʼе, якія маглі адыграць ролю.
Аднак зьмены псыхічнага стану на працягу дня могуць тлумачыцца фізыялягічнымі працэсамі, злучанымі з біялягічнымі рытмамі.
«Напрыклад, узровень картызолу [гармону, які рэгулюе настрой, матывацыю і страх] дасягае піку неўзабаве пасьля абуджэньня і зьніжаецца да моманту адыходу да сну», — адзначылі навукоўцы.
Аднак адрозьненьні паміж буднямі і выходнымі, хутчэй за ўсё, зьвязаныя з розным распарадкам дня ў гэтыя пэрыяды.
Форум