У выніку страляніны загінулі «каля 10 чалавек», паведамляе мясцовае выданьне The Local са спасылкай на папярэднюю інфармацыю паліцыі Швэцыі.
Адразу пасьля нападу паліцыя паведамляла, што агнястрэльныя раненьні атрымалі пяць чалавек.
Паліцыя паведаміла, што напад адбыўся на тэрыторыі школы для дарослых, піша Reuters. Такія ўстановы наведваюць у асноўным тыя, хто ня скончыў пачатковую ці сярэднюю школу. Паблізу гэтай школы разьмешчаныя і іншыя адукацыйныя ўстановы, у тым ліку для дзяцей. Дырэктар адной зь іх паведаміў журналістам, што вучняў эвакуавалі. Дзяцей сярод пацярпелых няма, паведаміў муніцыпалітэт Эребру.
Супрацоўнік заправачнай станцыі расказаў выданьню Expressen, што чуў некалькі стрэлаў. Паведамляецца, што некалькі навучэнцаў і выкладчыкаў схаваліся ў піцэрыі побач са школай. Яны таксама расказалі пра некалькі пацярпелых.
На месцы працуюць супрацоўнікі паліцыі, ратавальнікі і лекары. Паліцыя кваліфікуе здарэньне як цяжкае гвалтоўнае злачынства.
«Цяпер гэта разглядаецца як замах на забойства, падпал і злачынства з ужываньнем зброі пры абцяжваючых абставінах», — заявілі паліцыянты.
Некалькі мэдыя, у прыватнасьці, выданьне SVT, таблёід Expressen і агенцтва TT, перадалі, што нападнік мог застрэліцца. Паліцыя гэтага пакуль не пацьвярджала.
Матывы нападу высьвятляюцца. Паліцыя таксама правярае вэрсію аб магчымых саўдзельніках нападніка.
Эрабро — горад прыкладна за 200 кілямэтраў на захад ад Стакгольму. На 2023 год тут жылі каля 130 тысяч чалавек.
Форум