У Генэральнай пракуратуры Беларусі паведамілі аб перадачы ў суд справы супраць Сяргея Бяспалава, стваральніка Telegram-каналу «Мая краіна Беларусь», прызнанага ўладамі як «экстрэмісцкі».
«Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаны ўступіў у змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады», — сказаў начальнік упраўленьня Генэральнай пракуратуры Беларусі Дзьмітры Брылёў.
Паводле яго, на Telegram-канале публікавалася інфармацыя аб нібыта «заплянаваных масавых беспарадках, заклікалі да гвалту, пагромаў, падпалаў, зьнішчэньня маёмасьці і супраціву прадстаўнікам улады», а таксама да «актаў тэрарызму».
Дзьмітры Брылёў дадаў, што ў выніку такой дзейнасьці дзяржаве нібыта «нанесеная шкода ў памеры 30 мільёнаў рублёў».
Улады Беларусі выкарыстоўваюць такія артыкулы ў Крымінальным кодэксе для палітычнага перасьледу апанэнтаў.
У Telegram-канале «Мая краіна Беларусь» напісалі, што Сяргея Бяспалава абвінавачваюць па шэрагу крымінальных артыкулаў.
«Так званыя ўлады палічылі, што Сяргей нанёс шкоду ў памеры 30 мільёнаў рублёў. І з нашага пункту гледжаньня гэта выглядае верхам цынізму. Нагадаем лукашыстам, што ў 2020 годзе, калі некалькі раёнаў Менску засталіся без вады, менавіта „Мая краіна Беларусь“ мабілізавала людзей, каб жыхарам пацярпелых раёнаў даставіць ваду. І гэта адбывалася ў той час, калі лукашысты на месцах нічога не рабілі. Дык хай прызначэнцы палічаць свае заробкі, якія атрымліваюць за сядзеньне на д..е, і падсумуюць шкоду ад свайго існаваньня», — сказана ў паведамленьні.
Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў 13 сьнежня 2024 году аб пачатку спэцыяльнага вядзеньня ў дачыненьні да блогера Сяргея Бяспалава. 32-гадовага маладога чалавека абвінавацілі паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
Сяргей Бяспалаў — колішні баец палку Каліноўскага, чалец Каардынацыйнай рады, быў абраны туды ад сьпісу «Незалежныя беларусы» на чале з Максімам Шабуцкім.
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду. На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».
Форум