У дачыненьні трэнэра-выкладчыка спартовай школы ў Ашмянах завялі крымінальную справу па факце траўмаваньня 11-гадовага хлопчыка падчас трэнаваньня, паведамляе прэс-служба Сьледчага камітэту.
Інцыдэнт здарыўся 21 студзеня на стадыёне спартовай школы. На падлетка ўпала брама, ён атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджаньні і быў шпіталізаваны. Хлопчык, паводле зьвестак СК, па-ранейшаму ў лякарні, аднак цяпер ягонаму жыцьцю і здароўю нічога не пагражае.
Сьледчы разам са спэцыялістам абласнога ўпраўленьня Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртызаў агледзеў месца здарэньня, дапытаў трэнэра, кіраўніцтва школы, навучэнцаў. Сьледчыя прызначылі судова-мэдыцынскую экспэртызу, вынялі дакумэнтацыю.
«Высьветлена, што на трэнаваньнях выкарыстоўваліся пераносныя мэталічныя футбольныя брамы, якія належным чынам не былі замацаваныя, — гаворыцца ў паведамленьні. — Калі дзіця павісла на пярэдняй папярочцы, спартовае абсталяваньне перакулілася на яго».
Паводле інфармацыі ведамства, абавязак «праверкі спраўнасьці рыштунку, гатоўнасьці пляцоўкі для трэнаваньня» ляжыць на трэнэры. Ён жа павінен інструктаваць навучэнцаў у пытаньнях бясьпекі заняткаў, прафіляктыкі і папярэджаньня траўматызму.
«Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, 47-гадовы трэнэр-выкладчык у той дзень перад пачаткам трэнаваньня не арганізаваў надзейнасьць замацаваньня спартовага абсталяваньня, не пераканаўся ў правільнасьці яго пастаноўкі, пасьля чаго пачаў праводзіць заняткі, не забясьпечыўшы ахову жыцьця і здароўя выхаванцаў спартовай школы», — сьцьвярджае СК.
Ашмянскі раённы аддзел СК кваліфікаваў дзеяньні трэнэра паводле ч. 2 арт. 165 КК (невыкананьне або неналежнае выкананьне абавязкаў па гарантаваньні бясьпекі жыцьця і здароўя малалетняга, якое пацягнула зь неасьцярожнасьці прычыненьне цяжкага цялеснага пашкоджаньня).
Форум