Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынесьлі завочны вырак эканамісту Данэйку, у тым ліку за дзейнасьць у Каардынацыйнай радзе


Павал Данэйка. Архіўнае фота
Павал Данэйка. Архіўнае фота

Эканаміста Паўла Данэйку завочна асудзілі на 12 гадоў калёніі ў «справе Каардынацыйнай рады».

У Менскім гарадзкім судзе 31 студзеня вынесьлі завочны вырак эканамісту і адміністрацыйнаму дырэктару дасьледчага цэнтру BEROC Паўлу Данэйку.

Судзьдзя Валянціна Зянькевіч прызначыла яму 12 гадоў калёніі і штраф у памеры 13 тысяч базавых велічыняў (546 тысяч рублёў), піша «Вясна».

Эканаміста прызналі вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 4 арт. 16 і ч. 4 арт. 233 («Арганізацыя і кіраўніцтва прадпрымальніцкай дзейнасьцю, якая ажыцьцяўляецца без спэцыяльнага дазволу (ліцэнзіі)»), ч. 1 арт. 357 («Змова або іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады») і ч. 3 арт. 361-1 («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»).

Апошнія два артыкулы звычайна пасьля 2020 году выстаўляюць асобам, якіх перасьледуюць паводле палітычных матываў.

Справу супраць Паўла Данэйкі пачалі разглядаць 23 сьнежня 2024 году, а спэцыяльнае вядзеньне ў адносінах да яго было распачата 8 кастрычніка.

Паводле вэрсіі абвінавачаньня, Данэйка ў жніўні 2020 года ўвайшоў у склад Каардынацыйнай рады і нібыта «як яго ўдзельнік зьдзяйсьняў актыўныя дзеяньні дзеля дасягненьня мэтаў неканстытуцыйнага захопу дзяржаўнай улады».

Дзейнасьць Каардынацыйнай рады ў 2020 годзе была скіраваная на ўрэгуляваньне палітычнага крызісу пасьля несумленных выбараў прэзыдэнта і масавай кампаніі гвалту і рэпрэсій з боку ўладаў.

Раней Павал Данэйка так камэнтаваў завядзеньне на яго завочнай справы:

«Ня ведаю, што і камэнтаваць. Магчыма, гэта зьвязана з маёй працай у бізнэс-школе „Інстытут прадпрымальніцтва і мэнеджмэнту“, але дакладна не магу сказаць», — гэтак Павал Данэйка адрэагаваў у інтэрвію Свабодзе на пачатак адносна яго спэцвядзеньня Сьледчым камітэтам.

Павал Данэйка — эканаміст, генэральны дырэктар бізнэс-школы ІПМ. У 1995–1996 гадах ён быў дэпутатам Вярхоўнага Савету, распушчанага Лукашэнкам. Быў адным з арганізатараў штогадовага Кастрычніцкага эканамічнага форуму, які раней праходзіў у Менску.

«Спэцыяльнае вядзеньне» прадугледжвае, што крымінальная справа расьсьледуецца завочна, калі абвінавачаны ў ёй знаходзіцца не ў Беларусі, а пасьля адбываецца завочны суд. Яго выкарыстоўваюць найперш супраць апанэнтаў улады, якія зьехалі за мяжу, у мэтах перасьледу па палітычных матывах.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду. На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG