У гішпанскай правінцыі Мурсія на вайсковым заводзе, якія належыць нямецкаму канцэрну Rheinmetall, адбыўся выбух.
Як паведаміла выданьне Deutsche Welle, пажар ахапіў плошчу ў 2000 квадратных мэтраў. Пацярпелі шэсьць чалавек, пяць зь іх шпіталізавалі. Прычыны высьвятляюць.
Паводле мясцовых СМІ, выбух адбыўся ўвечары 30 студзеня на складзе заводу, дзе захоўваліся выбуховыя рэчывы.
Завод спэцыялізуецца на вытворчасьці артылерыйскіх боепрыпасаў, мінамётных снарадаў, а таксама рухальных установак ракет.
Што папярэднічала
Некалькі дзён таму намесьнік памочніка генсакратара NATO Джэймс Апатурай на паседжаньні камітэта Эўрапейскага парлямэнту па гібрыднай вайне пацьвердзіў, што Расея плянавала забіць кіраўніка нямецкай кампаніі – вытворцы зброі Rheinmetall Арміна Папэргэра.
У сакавіку 2024 году канцэрн Rheinmetall абвясьціў аб плянах пабудаваць ва Ўкраіне завод, які зможа штогод вырабляць артылерыйскія снарады калібру 155 мілімэтраў, а таксама аб перамовах аб вытворчасьці бранятэхнікі з магутнасьцю да 400 танкаў Panther на год.
У чэрвені 2024 году на тэрыторыі Ўкраіны пачаў працаваць першы супольны цэх Rheinmetall і дзяржаўнай кампаніі «Украбаронпрам», на якім ажыцьцяўляюць рамонт замежнай вайсковай тэхнікі.
У чэрвені 202 году міністарка эканомікі і інавацый Літвы Аўшрыне Арманайце падпісала зь нямецкім гігантам вайсковай прамысловасьці Rheinmetall дамову аб будаўніцтве заводу для вытворчасьці артылерыйскіх снарадаў, які пачне працаваць у канцы 2025 году і вырабляць дзясяткі тысяч боепрыпасаў у год.
Форум