Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На перамовы наконт завяршэньня вайны Лукашэнку ніхто запрашаць ня будзе, — экспэрт Тышкевіч


Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота

Палітычны аналітык Ігар Тышкевіч расказвае, як ва Ўкраіне рэагуюць на апошнія заявы Аляксандра Лукашэнкі наконт вайны, і адказвае на пытаньне, ці магчымыя беларускія міратворцы на ўкраінскай тэрыторыі.

Сьцісла:

  • Перамовы наконт заканчэньня вайны — гэта справа Ўкраіны і Расеі. Лукашэнка на іх лішні, яго ніхто запрашаць ня будзе.
  • Калі ўвядуць нейкі міратворчы кантынгент, то наўрад ці ён будзе складацца толькі з войскаў краінаў Эўразьвязу.
  • Зьбіты над Беларусьсю «шахед» меў большы эфэкт, чым любыя заявы Лукашэнкі.
  • У стаўленьні ва Ўкраіне да Лукашэнкі вялікі дыяпазон меркаваньняў — ад заяваў, што «Лукашэнку трэба судзіць», да канстатацыі: «Ён праяўляе нейкія прыкметы самастойнай палітыкі».

— Аляксандар Лукашэнка падчас вялікай прэсавай канфэрэнцыі ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў паведаміў пра сваё жаданьне, каб беларускія вайскоўцы былі ў ліку міратворчых сілаў, калі такія зьявяцца ў выніку падпісаньня нейкага замірэньня паміж Украінай і Расеяй. Як ва Ўкраіне ставяцца да такіх ідэяў і ўвогуле да імкненьня Лукашэнкі трапіць на перамовы?

— Ёсьць два аспэкты гэтага пытаньня.

Перамовы наконт заканчэньня вайны — гэта справа Ўкраіны і Расеі. Тут Лукашэнка банальна лішні, сюды яго ніхто запрашаць ня будзе.

Другі аспэкт — гэта перамовы наконт канфігурацыі архітэктуры бясьпекі ў рэгіёне. Тут можа быць шырэйшае кола пытаньняў і ўдзельнікаў. Адпаведна, магчымае і запрашэньне Лукашэнкі.

— Але хіба ня маюць украінскія палітыкі перакананьня, што Лукашэнка — не нэўтральны бок на такіх перамовах, а прадстаўнік пазыцыі Масквы? Навошта ён тады ў такой ролі патрэбны на перамовах Кіева і Захаду?

— Няма ў Кіева адзінай агульнай пазыцыі што да Лукашэнкі. Ёсьць кансэнсус, што Лукашэнка — саўдзельнік агрэсіі. Але наконт ягонага цяперашняга пазыцыянаваньня ёсьць вялікая разьбежка ў стаўленьні ў розных украінскіх палітычных групаў. Ёсьць некалькі розных канцэпцыяў, некалькі бачаньняў.

— Але наколькі ў прынцыпе рэалістычная і адэкватная ідэя — даслаць беларускіх міратворцаў на лінію будучага разьмежаваньня?

— На сёньня гэтая тэма пакуль не гучыць. З гледзішча лёгікі гэтага працэсу, калі адбудзецца працэс разьмежаваньня бакоў і ўвядуць нейкі міратворчы кантынгент, — то наўрад ці ён будзе складацца толькі з войскаў краінаў Эўразьвязу.

Бо любая дамова пра міратворчы кантынгент будзе патрабаваць згоды абодвух бакоў. Масква, зразумела, будзе настойваць на ўдзеле іншых дзяржаў, ня толькі з краінаў Захаду. Можа ўзьнікнуць ідэя зь Беларусьсю, Казахстанам, Грузіяй і гэтак далей.

— Беларускія вайскоўцы заявілі, што Ўкраіна сканцэнтравала вялікую групоўку (каля 15 тысячаў вайскоўцаў) каля беларускай мяжы. Ці сапраўды Ўкраіна павялічыла сваю групоўку на мяжы, ці яе колькасьць застаецца даволі стабільнай?

— Гэтая групоўка была створаная яшчэ ў 2022 годзе. Частка яе выконвае баявыя задачы па ахове дзяржаўнай мяжы. Але таксама там знаходзяцца навучальныя цэнтры, празь якія праходзяць навабранцы. Так што гэтая групоўка застаецца фактычна нязьменнай цягам апошніх двух гадоў.

— Як на сёньня выглядае і як мяняецца стаўленьне ўкраінцаў, украінскай грамадзкай думкі да беларускай дзяржавы і да беларусаў?

— Праблема ў тым, што стаўленьне да беларусаў ідзе праз прызму стаўленьня да ўладаў краіны Беларусь, да палітыкі Менску. Адпаведна, зважаючы на гэта, чакаць найлепшага стаўленьня да беларусаў з боку ўкраінцаў не выпадае.

Ёсьць насьцярога, ёсьць нэгатыў да палітыкі, якую праводзіць афіцыйны Менск. Але ёсьць цалкам нармальнае стаўленьне да беларусаў, якія жывуць тут, ва Ўкраіне. Прынамсі, у мяне не было ніводнай праявы нэгатыву, нейкіх эксцэсаў у сувязі з тым, што я беларус — а я заўсёды гэта падкрэсьліваю.

Трэба адзначыць, што досыць простыя лінейныя пытаньні кшталту «Як вы ставіцеся да нейкай краіны ці нейкай нацыі?» моцна залежаць ад канкрэтных палітычных навінаў з таго кірунку. Тут вельмі паказальнае стаўленьне ўкраінцаў да Польшчы і палякаў. Любы канфлікт паміж Варшавай і Кіевам, любое рэзкае выказваньне палітыкаў, — і адразу мы маем 10–15 працэнтаў, якія адразу сыходзяць з пазытыву ў нэгатыў.

— Наколькі доўга ва Ўкраіне абмяркоўвалася тэма вядомага інтэрвію Ўладзіміра Зяленскага амэрыканскаму падкастэру, у якім украінскі прэзыдэнт расказаў, як яму на пачатку вайны званіў Лукашэнка і прапаноўваў атакаваць Мазырскі НПЗ?

— Трэба разумець, што самі заявы Лукашэнкі ўкраінцаў мала кранаюць. Інфармацыя пра ягоныя заявы забываецца даволі хутка. Калі раніцай у інфармацыйнай стужцы выказваньні Лукашэнкі, а ўвечары 10 трупаў у горадзе ад расейскай бомбы, — то вы разумееце, што трыгерыць болей.

Ніхто ва Ўкраіне заявы Лукашэнкі доўга не «перажоўвае». Зьбіты над Беларусьсю «шахед» меў большы эфэкт, чым любыя заявы Лукашэнкі. Увогуле, інфармацыя жыве тры дні, а ва ўмовах вайны яны жыве толькі да вечара.

— А як у Кіеве і ў цэлым ва ўкраінскім палітычным полі ставяцца да той пазыцыі Лукашэнкі, якую ён прасоўвае апошнім часам? Маўляў, «я ні пры чым», гэта ўсё зрабіла Расея ў лютым 2022 году, я нічога ня ведаў і ня мог паўплываць?

— Ёсьць, як я казаў, моцная разьбежка ў стаўленьні да Лукашэнкі — ад заяваў, што «Лукашэнку трэба судзіць» да «Ён праяўляе нейкія прыкметы самастойнай палітыкі». Агульнае думкі няма.

Калі гаварыць пра дзеяньні, то мы ведаем, што нейкі афіцыйны кантакт ёсьць. Хаця б таму, што абмены ваеннапалоннымі праводзяцца празь Беларусь, на тэрыторыі Беларусі.

І палітычнае стаўленьне да афіцыйнага Менску будзе фармавацца хутчэй у выніку канкрэтных крокаў, а не заяваў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG