Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы шукаюць беларуску, асуджаную за шпіянаж. Яна не прыйшла адбываць пакараньне і не сплаціла штраф


Супрацоўнікі паліцыі. Ілюстрацыйнае фота
Супрацоўнікі паліцыі. Ілюстрацыйнае фота

Асуджаная беларуска Дар’я Астапенка не зьявілася для адбываньня пакараньня і не зрабіла ў належны час плацяжу 3850 даляраў. Дзе яна можа быць цяпер, невядома, піша «Белсат».

Беларуска Дар’я Астапенка, якую асудзілі за шпіянаж, не зьявілася для адбываньня пакараньня, паведаміла «Белсату» кіраўніца Бюро абслугоўваньня зацікаўленых бакоў Акруговага суду Варшавы-Прагі Катажына Брогашч. Дар’ю А. абвясьцілі ў вышук.

Таксама Астапенка не сплаціла 15 546 злотых (каля 3850 даляраў) у якасьці кампэнсацыі атрыманага злачынным шляхам. На сплату ёй давалі 30 дзён. Калі тэрмін выйшаў, было вынесенае распараджэньне перадаць справу ў адпаведны падатковы орган для ініцыяваньня выканаўчага вядзеньня.

Дар’ю затрымалі ў Лодзі ў сьнежні 2023 году, западозрыўшы ў працы на Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі. Беларускія мэдыя высьветлілі, што гэта былая актывістка «Гавары праўду» з Баранавічаў, колішняя давераная асоба кандыдата на прэзыдэнцтва Андрэя Дзьмітрыева. Вэтэрынарка з адукацыі, Дар'я падпрацоўвала мадэльлю на сайце для дарослых «OnlyFans». Сьцьвярджалася, што ў смартфоне жанчыны былі знойдзеныя доказы ейнай супрацы з Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі яшчэ з 2017 году.

Па пераезьдзе ў Польшчу беларуска спрабавала наладжваць кантакты з актывістамі беларускай дыяспары, трапіць у арганізацыі, прапаноўваючы валянтэрскую дапамогу, зьбірала інфармацыю пра Паспалітае рушэньне, беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне і тых, хто ім дапамагае. Дар’я выдала сябе, калі падчас нецьвярозай размовы прагаварылася знаёмым пра сапраўдныя мэты актыўнасьці ў Польшчы. Пасьля гэтага інфармацыю пра жанчыну перадалі ў польскае Агенцтва ўнутранай бясьпекі, у той жа дзень яе затрымалі.

Дарʼю асудзілі за шпіянаж на турэмнае зьняволеньне тэрмінам 1 год 8 месяцаў з надзвычайным зьмякчэньнем. Дзевяць месяцаў пад вартаю залічылі ў тэрмін пакараньня і пастанавілі вызваліць яе, калі ня выявяцца падставы для далейшага ўтрыманьня.

Выданьне Gazeta.pl пісала, што суд над ёю быў вельмі кароткі. У апошнім слове беларуска выказала шкадаваньне, што бяздумна пагадзілася на супрацу са спэцслужбамі; са сьлязьмі на вачах казала, што яе прымусілі; наракала, што за дзевяць месяцаў за кратамі ў яе абвастрылася дэпрэсія.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG