Авіякампанія American Airlines паведаміла, што на борце камэрцыйнага самалёта, які зьдзяйсьняў рэйс з гораду Ўічыта (штат Канзас) ў Вашынгтон, знаходзіліся 60 пасажыраў і чатыры чалавекі экіпажу, піша Reuters.
Празь некалькі гадзін пошукавай апэрацыі пацьвердзілася гібель 28 пасажыраў самалёту, а таксама трох вайскоўцаў зь верталёту. Чым болей ня могуць знайсьці целы іншых, тым меней шанцаў на тое, што камусьці ўдалося выжыць.
На борце вайсковага верталёта Sikorsky UH-60 Black Hawk з Форту Белвуар (штат Вірджынія), які выконваў вучэбны палёт, знаходзіліся трое вайскоўцаў, паведаміў амэрыканскі чыноўнік.
Сутыкненьне самалёта Bombardier CRJ700 c вайсковым верталётам Sikorski UH-60 адбылося пры яго падлёце да аэрапорта імя Рональда Рэйгана. Пасажырскі самалёт упаў у раку Патамак.
Відэазапіс сутыкненьня быў зроблены камэрай назіраньня, усталяванай у Цэнтры Кэнэдзі.
CBS News са спасылкай на паліцыянта, які працуе на месцы, піша, што з вады дасталі 18 целаў, выжылых пакуль ня знайшлі. Тым часам карэспандэнтка NBC паведаміла, што сама меней чатырох пацярпелых даставілі ў пажарную частку ў аэрапорце Рэйгана, іх стан пакуль невядомы.
Машыны хуткай дапамогі знаходзяцца ля паліцэйскага прычалу на Патамаку. Тэлеканал NBC адзначае, што тэмпэратура вады ў рацэ Патамак цяпер складае каля 2 градусаў паводле Цэльсія. У такіх умовах чалавек можа пратрымацца прыкладна паўгадзіны да наступленьня гіпатэрміі і страты прытомнасьці.
Фэдэрацыя фігурнага катаньня ЗША заявіла, што на борце рэйсу 5342 American Airlines знаходзіліся некалькі сяброў супольнасьці фігурыстаў.
«Гэтыя спартоўцы, трэнэры і іхныя сямейнікі вярталіся дадому з Нацыянальнага лягеру разьвіцьця, які праводзіўся сумесна з чэмпіянатам ЗША ў фігурным катаньні ва Ўічыта, штат Канзас», — гаворыцца ў заяве.
РІА «Новости» са спасылкай на фігурыста Джона Маравілу, якога не пусьцілі на борт самалёта ў аэрапорце Ўічыта, піша, што на борце былі 14 фігурыстаў і некалькі трэнэраў. Сярод іх расейцы, чэмпіёны сьвету ў фігурным катаньні 1994 году Яўгенія Шышкова і Вадзім Навумаў, якія ў апошні час працавалі трэнэрамі ў ЗША, піша ТАСС са спасылкай на крыніцу. Іх сын Максім Навумаў прадстаўляе амэрыканскую зборную.
Вылеты і пасадкі самалётаў у аэрапорце імя Рэйгана адмянілі.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ўжо атрымаў інфармацыю «пра жудасны інцыдэнт у Нацыянальным аэрапорце Рэйгана».
«Хай дабраславіць Бог іх душы», — сказаў Трамп, падзякаваў ратавальнікам «за неймаверную працу» і дадаў, што сочыць за сытуацыяй і паведаміць больш падрабязнасьцяў па меры іх паступленьня.
Аэрапорт імя імя Рональда Рэйгана зьяўляецца адной з трох паветраных гаваняў, якія абслугоўваюць амэрыканскую сталіцу. Ён разьмешчаны ў Арлінгтоне, штат Вірджынія, прыкладна за 4 кілямэтры ад будынкаў Белага дома і Капітолія, адзначае «Голас Амэрыкі».
- Апошняя буйная катастрофа з удзелам камэрцыйнага авіялайнэра ў ЗША адбылася ў 2009 годзе: усе 49 чалавек на борце самалёта Colgan Air загінулі, калі самалёт разбіўся ў штаце Нью-Ёрк. Адзін чалавек таксама загінуў на зямлі.
- З таго часу ў ЗША не было ніводнага сьмяротнага выпадку з пасажырскімі самалётамі, але сэрыя інцыдэнтаў, блізкіх да катастрофы, у апошнія гады выклікала сур'ёзныя асьцярогі наконт бясьпекі палётаў у ЗША і нагрузкі ў сувязі зь недахопам пэрсаналу для кіраваньня паветраным рухам, піша Reuters. Кіраўнік Фэдэральнага дэпартамэнту цывільнай авіяцыі ЗША Майк Уітакер пайшоў у адстаўку 20 студзеня, і адміністрацыя Трампа не назвала яму замену і нават не раскрыла, хто часова кіруе агенцтвам.
Форум