Дзясяткі людзей загінулі ў цісканіне на індуісцкім фэстывалі Кумбха-мэля на поўначы Індыі, калі дзясяткі мільёнаў індусаў сабраліся, каб акунуцца ў сьвятыя рачныя воды ў самы спрыяльны дзень шасьцітыднёвага фэстывалю, паведамляе Reuters.
Агенцтва Reuters налічыла 39 целаў у моргу мясцовай бальніцы, куды целы ўсё яшчэ прывозілі на працягу 12 гадзінаў пасьля цісканіны. Тры крыніцы агенцтва ў паліцыі пацьвердзілі, што колькасьць загінулых складае амаль 40. «Паступаюць новыя целы. У нас тут амаль 40 целаў. Мы таксама вывозім іх і перадаем сем’ям па адным», — сказала адна з крыніц агенцтва.
Старшы афіцэр паліцыі Вайбхаў Крышна раней паведаміў журналістам, што пасьля цісканіны ў бальніцу даставілі 90 чалавек, зь якіх 30 загінулі.
Паводле ўладаў, цісканіна пачалася, калі некаторыя вернікі паспрабавалі пераскочыць праз барыкады, узьведзеныя для стрымліваньня натоўпу.
Некаторыя сьведкі казалі пра моцны штуршок, з прычыны якога вернікі пачалі падаць адзін на аднаго, у той час як іншыя казалі, што перакрыцьце шляхоў да вады спыніла шчыльны натоўп і прымусіла людзей падаць з прычыны ўдушша. «Пачалася мітусьня, усе пачалі штурхацца, цягнуць, пералазіць адзін праз аднаго», — распавяла агенцтву 40-гадовая Джагванці Дэві, седзячы ў машыне хуткай дапамогі зь целамі сваіх сваякоў.
«Паліцыя не прыняла належных захадаў. Яны нясуць за гэта адказнасьць», — заявіла жанчына, у якой у цісканіне загінулі чацьвёра сямейнікаў.
Урад штату пахваліў паліцыю, заявіўшы, што яе «хуткі і эфэктыўны адказ... перадухіліў патэнцыйную трагедыю». «Паліцыя дзейнічала хутка, каб аднавіць парадак і гарантаваць бясьпеку паломнікаў, значна мінімізаваўшы наступствы сытуацыі», — гаворыцца ў першай афіцыйнай заяве ўладаў аб цісканіне.
Супрацоўнік бальніцы SRN у Праяграджы, куды даставілі некаторых пацярпелых, сказаў, што ў загінулых былі або сардэчныя прыступы, або спадарожныя захворваньні, такія як дыябэт.
«Людзі паступалі зь пераломамі, зламанымі косткамі... Некаторыя падалі на месцы і былі дастаўленыя мёртвымі», — сказаў чыноўнік, які не пажадаў называць свайго імя.
- Кумбха Мэля — найбуйнейшае індуісцкае сьвята, зьвязанае з абрадам масавай пілігрымкі да сьвятыняў і абмываньня ў рацэ. Індуісты вераць, што абмываньне на Кумбха Мэля ачысьціць іх ад грахоў і пазбавіць ад кругазвароту жыцьця і сьмерці. Фэстываль прыцягвае мільёны чалавек, што нярэдка стварае сытуацыі масавай цісканіны.
- З пачатку сьвята 13 студзеня ў фэстывалі ўжо прынялі ўдзел амаль 200 мільёнаў чалавек, а агульная колькасьць наведвальнікаў за 45 дзён фэстывалю, як чакаецца, складзе каля 400 мільёнаў.
Форум