Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агучаныя ЦВК лічбы маюць псыхалягічнае значэньне для самога Лукашэнкі, — палітоляг Рудкоўскі


Прэсавая канфэрэнцыя ЦВК. Менск, 27 студзеня 2025
Прэсавая канфэрэнцыя ЦВК. Менск, 27 студзеня 2025

Палітоляг Пётра Рудкоўскі аналізуе вынікі прэзыдэнцкай кампаніі і заяўляе, што тэма транзыту ўлады ў Беларусі застаецца актуальнай.

Сьцісла:

  • Падбор кандыдатаў быў зроблены такім чынам, каб склалася наступная карціна: ястраб, голуб, клоўн і ўмоўная апазыцыянэрка.
  • 1,86 працэнта — вось такой, на думку рэжыму, павінна быць падтрымка апазыцыі, увасабляць якую прызначылі Канапацкую.
  • Доўгатэрміновыя намеры Крамля ў адносінах да Лукашэнкі застаюцца не да канца зразумелымі.
  • Узмацненьне санкцыяў азначае яшчэ большую залежнасьць ад Расеі, а Лукашэнка не хацеў бы заставацца поўнай марыянэткай Крамля.
  • Лукашэнка разумее, што не існуе ніякіх гарантыяў, якія перадухіляць непажаданыя сцэнары пасьля нават вельмі добра распрацаванага транзыту.

— Магчыма, тыя выніковыя лічбы, якія агучыў Цэнтарвыбаркам, ня маюць вялікага значэньня, але ўсё ж даюць падставу для пэўных назіраньняў і высноваў. Як можна пракамэнтаваць вынікі, якія аб’явіў ЦВК для Лукашэнкі і іншых удзельнікаў выбарчай кампаніі?

— У першую чаргу гэтыя лічбы маюць псыхалягічнае значэньне для самога Лукашэнкі, у меншай ступені — для грамадзтва. Я думаю, што нават большасьць прыхільнікаў Лукашэнкі ня вераць у гэтыя лічбы, але сутнасьць іх у тым, каб сьцьвердзіць гэта як нейкі факт народнай падтрымкі.

Пётра Рудкоўскі, архіўнае фота
Пётра Рудкоўскі, архіўнае фота

Такім чынам, ёсьць псэўдафакт для публічнай прасторы, і ёсьць дубіна, якую цягам апошніх чатырох гадоў беларусы добра адчуваюць на сваіх сьпінах. Так што гэта рэч, якую ў публічнай прасторы абавязкова трэба прызнаваць, бо іначай небясьпечна.

— Якую ролю выконвалі іншыя кандыдаты ў гэтай кампаніі? Гэтая роля для іх скончылася ці яны будуць працягваць палітычную дзейнасьць?

— Падбор кандыдатаў сфармаваўся ў наступную карціну: ястраб, голуб, клоўн і ўмоўная апазыцыянэрка. «Ястраб» — гэта Сыранкоў, які выконваў ролю яшчэ больш брутальнага аўтакрата (адначасова дэманструючы ляяльнасьць да Лукашэнкі). «Голуб» — гэта Хіжняк, які ў сваіх прамоваў асьцярожна казаў, што патрэбна нармалізацыя з Захадам і трэба працаваць, каб аслабляць санкцыі.

Клоўн — тут і ня трэба называць імёнаў, зразумела, што гэта Гайдукевіч. І «апазыцыянэрка» — Канапацкая.

Даволі красамоўная наступная рэч. Лукашэнка, камэнтуючы іншых кандыдатаў, вылучае Канапацкую і падкрэсьлівае, што яна, маўляў, «20 гадоў мяне крытыкуе, і ёсьць людзі, якія яе падтрымліваюць». «Ну і паглядзім увечары, які будзе вынік», — кажа Лукашэнка. І вынік — каля 1,86%. Вось, маўляў, якая падтрымка ў апазыцыі, якую была прызначана ўвасабляць Канапацкая.

— Лукашэнка ў сваёй перадвыбарнай праграме, якая не рэклямавалася ў дзяржаўных і праўладных СМІ, зноў казаў пра жаданьне «перагарнуць старонку». Ці ёсьць падставы меркаваць, што ўлада, пабачыўшы, што выбары прайшлі спакойна, пратэстаў не магло быць і не было, сапраўды можа пайсьці на аслабленьне рэпрэсіяў?

— Яшчэ падчас нашай размовы ў сьнежні я казаў, што пасьля выбараў адбудзецца спроба перафарматаваць, перагледзець цяперашні стан рэчаў.

Сам гэты выраз «перагарнуць старонку» мэтафарычны, ніякай канкрэтыкі ён не нясе. Ён адлюстроўвае ўнутраны стан Лукашэнкі і ягонага атачэньня, сыгнал, што такая опцыя разглядаецца. Аднак яе магчымае ажыцьцяўленьне будзе залежаць ад процьмы найперш вонкавых чыньнікаў. Галоўным чынам — ад выніку вайны Расеі супраць Украіны, а таксама ад таго, якой будзе палітыка таго ж Дональда Трампа ў дачыненьні да Расеі.

Не да канца вядомымі застаюцца і доўгатэрміновыя намеры Крамля ў адносінах да Лукашэнкі. Зараз ён патрэбны, але ці будзе ён запатрабаваны Крамлём у будучыні — пэўная загадка. Вельмі шмат момантаў, якія застаюцца няпэўнымі.

Але я думаю, што рэжым будзе разглядаць варыянт спробы перазапусьціць «сацыяльны кантракт», каб ён не трымаўся выключна на рэпрэсіях. Бо гэта мае свае рызыкі і, мяркую, Лукашэнка, здольны іх разумець.

— На прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнка, як заўсёды, рабіў супярэчлівыя заявы, але зноў даволі рэзка выказваўся пра Захад. Апошнія месяцы менскі рэжым нібыта рабіў нейкія крокі для нармалізацыі адносінаў з Захадам. Ці ёсьць шанцы на такую нармалізацыю?

— Як заўсёды ў Лукашэнкі, падчас доўгай прэсавай канфэрэнцыі гучалі зусім процілеглыя мэсэджы — і рэзкія выпады ў адрас Захаду, і заявы, што ён гатовы да дыялёгу. Так, магчыма, Менск лічыць, што пасылаў пэўныя сыгналы Захаду, якія не атрымалі пэўнай рэакцыі.

Я лічу, што калі сытуацыя дазволіць, то Менск будзе працаваць у тым кірунку, каб аслабіць санкцыйны ціск. Ня толькі праз эканамічныя праблемы, але і ад таго, што ўзмацненьне санкцыяў азначае яшчэ большую залежнасьць ад Расеі, а Лукашэнка не хацеў бы заставацца поўнай марыянэткай Крамля.

— Адказваючы на пытаньне пра тое, ці будзе ён вылучацца на наступны тэрмін, Лукашэнка сказаў, што паміраць не зьбіраецца. Ці можна сказаць, што на гэты момант ён схіляецца да таго, каб не рыхтаваць транзыту ўлады і заставацца да канца?

— Я перакананы, што тэма «транзыту» не закрытая. Але калі яна будзе разглядацца ўсур’ёз, то будуць прыкладзеныя ўсе намаганьні, каб грамадзтва, акрамя самага вузкага атачэньня, нічога пра гэта ня ведала.

Лукашэнка залежыць ад улады, і адыход ад яе зьвязаны зь вядомымі рызыкамі для яго і сям’і. Ён добра разумее, што не існуе ніякіх гарантыяў, якія перадухіляць непажаданыя сцэнары пасьля нават вельмі добра распрацаванага транзыту.

Вяртаючыся да тэмы інтэнцыяў Крамля адносна Лукашэнкі... Калі адбудуцца кардынальныя зьмены вакол Украіны і, адпаведна, роля Лукашэнкі ў вачах Крамля істотна памяняецца, то я не выключаю, што могуць быць дадзены пэўныя абяцаньні нейкім фігурам унутры беларускай сыстэмы.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
  • Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
  • У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG