У Латвійскім дзяржаўным цэнтры радыё- і тэлевяшчаньня (LVRTC) паведамілі аб пашкоджаньні яшчэ аднаго камунікацыйнага кабэля, якія забясьпечваў сувязь па маршруце Вэнтсьпілс (Латвія) — Готлянд (Швэцыя).
Пашкоджаньне кабэля пасьля пацьвердзілі ўлады Швэцыі. Увечары ў нядзелю пракуратура Швэцыі паведаміла, што пачала расьсьледаваньне праз падазрэньне ў дывэрсіі, а таксама затрымала судна, якое, як мяркуецца, магло мець дачыненьне да пашкоджаньня кабэля. Пра гэта паведамляе агенцтва AFP са спасылкай на заяву пракуратуры Швэцыі.
Назвы судна і іншых падрабязнасьцяў пакуль не прыводзяць.
Як паведамляецца на афіцыйным сайце ўраду Латвіі, раніцай 26 студзеня сыстэма маніторынгу перадачы зьвестак LVRTC зафіксавала збоі ў працы паслуг, але іх перанакіравалі на іншыя маршруты. Адзначаецца, што хуткасьць перадачы зьвестак крыху ніжэйшая, але на канцавых карыстальнікаў у Латвіі гэта не паўплывала.
«У супрацоўніцтве з тэхналягічнымі партнэрамі LVRTC неадкладна правёў праверку прадукцыйнасьці сыстэмы, а таксама вымярэньні ў сетцы з абсталяваньня ў Вэнтсьпілсе. Цяпер ёсьць падставы меркаваць, што кабэль значна пашкоджаны і што пашкоджаньне выклікана вонкавым узьдзеяньнем. LVRTC рэкамэндаваў завесьці крымінальную справу», — адзначаецца ва ўрадавым паведамленьні.
Улічваючы, што кабэль пралягае на глыбіні больш за 50 мэтраў, тып пашкоджаньня будзе вызначаны толькі пасьля пачатку работ у яго рамонце.
Прэм’ер-міністар Латвіі Эвіка Сіліня 26 студзеня правяла тэрміновую нараду з удзелам прадстаўнікоў адказных міністэрстваў і службаў з нагоды збояў у оптавалаконнай сетцы.
- У лістападзе 2024 году быў пашкоджаны кабэль паміж Швэцыяй, Літвой, Фінляндыяй і Нямеччынай.
- У кастрычніку 2023 году судна
Newnew Polar Bear пашкодзіла газаправод Balticconnector і некалькі кабэляў. - У канцы сьнежня 2024-га быў пашкоджаны электрычны кабэль Estlink 2 і чатыры тэлекамунікацыйныя кабэлі ў Фінскім заліве.
- Мяркуюць, што да гэтых пашкоджаньняў мае датычнасьць Расея і яе танкеры.
- 7 студзеня стала вядома, што NATO накіруе да 10 караблёў для аховы падводнай інфраструктуры ў Балтыйскім моры. Паўночнаатлянтычны альянс вырашыў узмацніць сваю прысутнасьць у гэтым моры на просьбу Фінляндыі і Эстоніі пасьля пашкоджаньняў падводных кабэляў, якія адбыліся апошнім часам.