Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Латвіі паведамілі аб пашкоджаньні яшчэ аднаго кабэля сувязі ў Балтыйскім моры


Карабель ВМС Эстоніі ў Балтыйскім моры ў рамках узмоцненага патрулявання NATO, 9 студзеня 2025
Карабель ВМС Эстоніі ў Балтыйскім моры ў рамках узмоцненага патрулявання NATO, 9 студзеня 2025

Паўночнаатлянтычны альянс узмацніў сваю прысутнасьць у Балтыйскім моры на просьбу Фінляндыі і Эстоніі на тле пашкоджаньняў падводных кабэляў, якія адбыліся апошнім часам.

У Латвійскім дзяржаўным цэнтры радыё- і тэлевяшчаньня (LVRTC) паведамілі аб пашкоджаньні яшчэ аднаго камунікацыйнага кабэля, якія забясьпечваў сувязь па маршруце Вэнтсьпілс (Латвія) — Готлянд (Швэцыя).

Як паведамляецца на афіцыйным сайце ўраду Латвіі, раніцай 26 студзеня сыстэма маніторынгу перадачы зьвестак LVRTC зафіксавала збоі ў працы паслуг, але іх перанакіравалі на іншыя маршруты. Адзначаецца, што хуткасьць перадачы зьвестак крыху ніжэйшая, але на канчатковых карыстальнікаў у Латвіі гэта не паўплывала.

«У супрацоўніцтве з тэхналягічнымі партнэрамі LVRTC неадкладна правёў праверку прадукцыйнасьці сыстэмы, а таксама вымярэньні ў сетцы з абсталяваньня ў Вэнтсьпілсе. Цяпер ёсьць падставы меркаваць, што кабэль значна пашкоджаны і што пашкоджаньне выклікана зьнешнім узьдзеяньнем. LVRTC рэкамэндаваў завесьці крымінальную справу», — адзначаецца ва ўрадавым паведамленьні.

Улічваючы, што кабэль пралягае на глыбіні больш за 50 мэтраў, тып пашкоджаньня будзе вызначаны толькі пасьля пачатку работ па яго рамонце.

Прэм’ер-міністар Латвіі Эвіка Сіліня 26 студзеня правяла тэрміновую нараду з удзелам прадстаўнікоў адказных міністэрстваў і службаў з нагоды збояў у оптавалаконнай сетцы.

  • У лістападзе 2024 году быў пашкоджаны кабэль паміж Швэцыяй, Літвой, Фінляндыяй і Нямеччынай.
  • У кастрычніку 2023 году судна
    Newnew Polar Bear пашкодзіла газаправод Balticconnector і некалькі кабэляў.
  • У канцы сьнежня 2024-га быў пашкоджаны электрычны кабэль Estlink 2 і чатыры тэлекамунікацыйныя кабэлі ў Фінскім заліве.
  • Мяркуюць, што да гэтых пашкоджаньняў мае датычнасьць Расея і яе танкеры.
  • 7 студзеня стала вядома, што NATO накіруе да 10 караблёў для аховы падводнай інфраструктуры ў Балтыйскім моры. Паўночнаатлянтычны альянс вырашыў узмацніць сваю прысутнасьць у гэтым моры на просьбу Фінляндыі і Эстоніі на тле пашкоджаньняў падводных кабэляў, якія адбыліся апошнім часам.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG