Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Славаччыны, які езьдзіў да Пуціна, абвінаваціў апанэнтаў у падрыхтоўцы перавароту за замежныя грошы


Прэм'ер Славаччыны Робэрт Фіца. Архіўнае фота
Прэм'ер Славаччыны Робэрт Фіца. Архіўнае фота

Пасьля зрыву абмеркаваньня 22 студзеня вотуму недаверу ўраду на чале зь Фіца апазыцыя зноў унесла гэтае пытаньне на разгляд парлямэнту, але пакуль невядома, калі адбудзецца пасяджэньне.

Прэм’ер-міністар Славаччыны Робэрт Фіца, які ў канцы 2024 году сустракаўся ў Маскве з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, заявіў, што арганізаваная група асобаў, якая атрымлівае фінансаваньне з-за мяжы і зьвязаная з славацкай апазыцыяй, плянуе ў краіне «дзяржаўны пераварот».

Як паведаміла Расейская служба Радыё Свабода, пра гэта ён заявіў 23 студзеня на пасяджэньні Рады Бясьпекі, якую склікалі для абмеркаваньня зьвестак спэцслужбаў аб падрыхтоўцы перавароту.

Службу бясьпекі і інфармацыі Славаччыны ачольвае сын намесьніка старшыні партыі Фіца. Паводле інфармацыі гэтай службы, як адзначыў прэзыдэнт Славаччыны Петэр Пэлегрыні, антыўрадавыя пратэсты ў краіне арганізоўвае «структура асобаў і арганізацый», сярод якіх ёсьць і іншаземцы, з мэтай «узмацніць напружанасьць» у краіне. Аб падрыхтоўцы перавароту прэзыдэнт Славаччыны, у адрозьненьне ад Фіца, не ўзгадаў.

Робэрт Фіца 22 студзеня заявіў, што ў краіну прыбылі нейкія іншаземцы, якія раней нібыта ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы пратэстаў у Грузіі, з мэтай ператварыць мірныя акцыі ў беспарадкі. Паводле яго, гэтым магла скарыстацца апазыцыя, зладзіць «майдан», у выніку якога маглі зрынуць урад або прымусіць яго сысьці.

Праэўрапейская апазыцыя Славаччыны назвала гэтыя заявы Робэрта Фіца «сьмеху вартымі». Адна з грамадзкіх арганізацый, якая праводзіць антыўрадавыя мітынгі, адзначыла, што за плян перавароту ў паведамленьні спэцслужбаў выдалі згенэраваныя ChatGPT прапановы па арганізацыі акцый пратэсту.

Па выніках пасяджэньня Рады бясьпекі ніякіх рашэньняў не ўхвалілі. Прэзыдэнт Славаччыны Пэтэр Пэлегрыні заявіў, што ўводзіць надзвычайнае становішча і абмяжоўваць права на мірныя сходы ня будуць.

Апазыцыя патрабуе адстаўкі ўраду Фіца, у тым ліку празь ягоную паездку ў сьнежні 2024 году ў Маскву. Славацкі прэм’ер знаходзіцца ў канфлікце з украінскім прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім і абменьваецца ь ім рэзкімі выказваньнямі.

Робэрт Фіца неаднаразова выказваўся за спыненьне вайны, у тым ліку на нявыгадных Украіне ўмовах. Ён таксама абвінавачваў Украіну ў шкодзе інтарэсам Славаччыны праз спыненьне транзыту газу з Расеі. Рыторыка славацкага прэм’ера аб Украіне, Расеі і Эўразьвязе падобная да выказваньняў вугорскага прэм’ера Віктара Орбана, а апошнім часам зрабілася яшчэ вастрэйшай.

Пасьля зрыву абмеркаваньня 22 студзеня вотуму недаверу ўраду на чале зь Фіца апазыцыя зноў унесла гэтае пытаньне на разгляд парлямэнту, але пакуль невядома, калі адбудзецца пасяджэньне. У апазыцыі не хапае неабходнай колькасьці галасоў для вынясеньня ўраду вотуму недаверу, аднак вынікі галасаваньня цяжка спрагназаваць, бо ўва ўрадавай кааліцыі няма адзінства і не зразумела, ці захоўвае Робэрт Фіца большасьць у парлямэнце.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG