Латвійскі дыплямат і праваабаронца Нілс Муйжніекс на пасадзе спэцыяльнага дакладчыка ААН аб правах чалавека ў Беларусі знаходзіцца менш за тры месяцы. Але ён ужо сустракаўся з многімі беларусамі на эміграцыі ў Рызе, дзе ён жыве, у Вільні, Варшаве, Жэнэве.
У Беларусі ён ня быў і невядома, калі яе наведае, запрашэньня ад уладаў у яго няма. Гэтаксама не была ў Беларусі і ягоная папярэдніца Анаіс Марэн, якая займала пасаду 6 гадоў.
Пра выбары 26 студзеня
На прэсавай канфэрэнцыі ў Вільні Муйжніекс заявіў, што прысьвеціць частку свайго першага дакладу ў Радзе правоў чалавека ААН у Жэнэве праву выбіраць і быць выбраным у Беларусі, на сапраўдных пэрыядычных выбарах, а таксама іншым пытаньням правоў чалавека, зьвязаным з выбарамі.
«Я ўсё яшчэ зьбіраю інфармацыю, але сёньня я хацеў бы падзяліцца з вамі некаторымі папярэднімі назіраньнямі. Як раней, так і цяпер, выбары зьяўляюцца каталізатарам парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі.
Свабодныя выбары патрабуюць свабоды выказваньня думак, свабоды СМІ; свабодныя выбары патрабуюць свабоды асацыяцый; свабодныя выбары патрабуюць свабоды мірных сходаў, і патрэбны тэхнічныя мэханізмы, каб выбары былі свабоднымі».
Муйжніекс заявіў, што людзям трэба пераканацца, што выбарчыя камісіі дзейнічаюць празрыста, каб яны былі прадстаўнічымі, каб не было празьмерных абмежаваньняў для кандыдатаў, парушэньняў выбарчых правоў, каб былі працэдурныя гарантыі і не было празьмерных абмежаваньняў на назіраньне за выбарамі.
«Нічога з гэтага ў Беларусі няма: ні правоў, ні тэхнічных захадаў. Баючыся рэпрэсій, правесьці свабодныя выбары вельмі складана, а то і немагчыма», — прызнаў Муйжніекс.
Муйжніекс спаслаўся на справаздачы аб выбарах ад розных ініцыятыў і заявіў:
«Арганізацыя выбараў у Беларусі праводзіцца так, што ня будзе ніякіх сумненьняў у выніку, ніякіх сюрпрызаў і рэальнага выбару. Незалежнага назіраньня за выбарамі ня будзе. АБСЭ запрасілі толькі некалькі дзён таму, і яны не працуюць у такіх умовах, сапраўднага грамадзкага назіраньня за выбарамі ня будзе, і я ня веру вынікам маніторынгу сяброў Лукашэнкі, якія прыехалі і зьбіраюцца назіраць за выбарамі.
Тое, што адбудзецца ў нядзелю, незалежна ад таго, як вы гэта называеце, ня будзе свабодным і справядлівым, а сытуацыя з правамі чалавека вакол выбараў будзе вельмі жахлівая».
Нілс Муйжніекс заклікаў кіраўніцтва Беларусі супрацоўнічаць зь ягоным мандатам
«Я зьвярнуўся да ўладаў Беларусі з просьбай аб тым, каб мяне запрасілі зь візытам. Але адна з умоваў майго візыту — сустрэча з палітвязьнямі, у тым ліку тымі, хто знаходзіцца ў рэжыме інкамунікада. Вельмі сумняюся, што гэтая ўмова будзе выкананая, але калі будзе, дык я ахвотна паеду», — заявіў Нілс Муйжніекс.
Ён адзначыў, што аднойчы аднаму зь ягоных папярэднікаў — Міклашу Харашці — дазволілі прыехаць у Беларусь, але «гэта быў кароткі акадэмічны візыт». Тым часам папярэдніцу Муйжніекса Анаіс Марэн за 6 гадоў працы ні разу не ўпусьцілі ў Беларусь.
«Пакуль што гэта не атрымліваецца, — канстатаваў спэцдакладчык. — Я працягну спробы. Асабліва цікава будзе паглядзець, як беларускія ўлады адрэагуюць на ціск і шум вакол [цяперашніх] парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі. Яны могуць сказаць, маўляў, няхай прыяжджае і сам паглядзіць. Але для мяне важна, каб у візыце быў сэнс, для гэтага трэба, каб у мяне была магчымасьць сустрэцца з палітвязьнямі».
Нілс Муйжніекс адзначыў, што пакуль беларускія ўлады ігнаруюць ягоны мандат, але нельга цалкам выключыць магчымасьць таго, што ўлады ў Менску пойдуць на «шырэйшае супрацоўніцтва» зь ім.
«Хаця апошнім часам мы атрымалі пэўныя адказы на лісты, якія адпраўляліся цягам апошняга году. Не на ўсе лісты, часта ў адказах шмат нейкай канкрэтнай інфармацыі няма, але бывае, што ёсьць карысная інфармацыя — для лепшага разуменьня сытуацыі», — дадаў ён.
Аб рэпрэсіях і палітвязьнях
Нілс Муйжніекс нагадаў, што праваабарончыя арганізацыі на гэты тыдзень налічылі ў Беларусі ня менш за 1254 палітвязьняў, і гэта велізарная лічба для краіны памерам зь Беларусь.
Муйжніекс прызнаў, што рэпрэсіі працягваюцца, гэта не навіна, а навіна тое, што зь лета ў нас было некалькі памілаваньняў, якія закранулі каля 250 чалавек.
«Але вялікая частка рэпрэсій хаваецца, таму што людзі баяцца гаварыць пра гэта з журналістамі, з праваабаронцамі, зь іншымі, а рэжым, беларускія ўлады не публікуюць шмат інфармацыі ні пра тых, каго перасьледуюць, ні пра тых, хто вызваляецца, таму атрымаць інфармацыю цяжка, і тое, што мы ведаем, зьяўляецца прыблізным.
Часам рэпрэсіі закранаюць сем’і людзей, як тых, хто ў Беларусі, так і тых, хто пакінуў Беларусь.
Адбываюцца вельмі жорсткія практыкі, такія як паўторныя асуджэньні або адвольнае падаўжэньне тэрмінаў зьняволення, і гэтыя рэпрэсіі часта маюць транснацыянальны характар, накіраваны на людзей, якія ўжо выехалі зь Беларусі».
Сярод палітвязьняў Муйжніекс згадаў праваабаронцу Алеся Бяляцкага, ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру, адвакатаў, якія працавалі над палітычнымі справамі, палітыкаў і журналістаў.
Ён заявіў, што сытуацыя са СМІ ў Беларусі таксама застаецца жахлівай:
«Зараз тэндэнцыя такая, што амаль усе незалежныя СМІ, сайты і каналы ў сацыяльных сетках былі закрытыя з 2020 году. На канец году, паводле ацэнак грамадзянскай супольнасці, за кратамі знаходзяцца 45 журналістаў і супрацоўнікаў СМІ, з ростам рэпрэсій у канцы 2024 году».
Муйжніекс прызнаў, што свабода асацыяцый і сходаў па-ранейшаму жорстка абмежаваная ў Беларусі, закранаючы палітычныя партыі, НДА, калегіі адвакатаў, прафсаюзы, рэлігійныя і культурныя арганізацыі і іншыя.
У 2023 годзе быў прыняты закон, які абавязвае ўсе палітычныя партыі прайсці перарэгістрацыю.
«Такім чынам гэтыя патрабаваньні рэгістрацыі, так бы мовіць, расчысьцілі поле, і колькасьць палітычных партый у Беларусі скарацілася з 16 да 4, прычым усе яны ляяльныя да ўлады.
Мы назіраем бесьперапынную прымусовую ліквідацыю НДА ў Беларусі, але, зноў жа, гэта вельмі цяжка прасачыць у дэталях, таму што многія НДА былі прыпыненыя, яны пераехалі за мяжу, часам яны пераходзяць у падпольле».
Муйжніекс заявіў, што ён верыць, што можа зьявіцца «акно магчымасьцяў», хоць невядома, калі гэта можа здарыцца. Ён таксама прызнаў, што весьці перамовы з уладамі аб вызваленьні палітвязьняў і ўводзіць санкцыі за гэта не ўваходзіць у ягоную кампэтэнцыю.
Муйжніекс сказаў, што вельмі чакае таго дня, калі ўсе беларускія палітвязьні апынуцца на волі, калі сытуацыя з правамі чалавека палепшыцца, адбудуцца сапраўдныя выбары зь непрадказальнымі вынікамі.
«Я зь нецярплівасьцю чакаю таго дня, калі спэцдакладчык ААН аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі больш не спатрэбіцца і я застануся бяз працы.
Я зь нецярплівасьцю чакаю дня, калі вінаватыя ў парушэньнях правоў чалавека будуць прыцягнутыя да адказнасьці».
Хто такі Нілс Муйжніекс
11 кастрычніка ў Жэнэве на паседжаньні 57-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН на пасаду спэцыяльнага дакладчыка аб Беларусі быў прызначаны Нілс Муйжніекс, экспэрт у сфэры абароны правоў чалавека з 25-гадовым досьведам.
Раней Муйжніекс займаў пасаду камісара ў пытаньнях правоў чалавека ў Радзе Эўропы, узначальваў рэгіянальнае прадстаўніцтва Amnesty International у Эўропе і супрацоўнічаў зь беларускімі праваабаронцамі.
Муйжніекс нарадзіўся 31 студзеня 1964 году ў Лос-Анджэлесе (ЗША) у сям’і латыскіх эмігрантаў. Доктар паліталёгіі (Каліфарнійскі ўнівэрсытэт), атрымаў таксама ступень магістра мастацтваў у Прынстанскім унівэрсытэце.
Быў праграмным дырэктарам у Фондзе Сораса ў Латвіі, дырэктарам Латвійскага фонду правоў чалавека, міністрам Латвіі з сацыяльнай інтэграцыі, барацьбы з дыскрымінацыяй і правоў меншасьцяў. Працаваў на Радыё Свабода.
Быў старшынём Эўрапейскай камісіі супраць расізму і нецярпімасьці, дакладчыкам камісіі па сытуацыі ў Польшчы, Нідэрляндах і Славаччыне.
У 2012–2018 гадах быў камісарам Рады Эўропы ў правах чалавека. З чэрвеня 2020 году працаваў рэгіянальным дырэктарам міжнароднай арганізацыі Amnesty International па Эўропе.
Родныя мовы — латыская і ангельская, свабодна валодае расейскай і францускай.
Мандат дакладчыка ААН аб правах чалавека ў Беларусі
Спэцыяльны дакладчык ААН праводзіць незалежны маніторынг таго, што адбываецца з правамі чалавека ў Беларусі, рэгулярна рыхтуе рэкамэндацыі для паляпшэньня становішча. Ён таксама сочыць за выкананьнем міжнародных абавязаньняў Рэспублікі Беларусь у сфэры шанаваньня і захаваньня правоў чалавека.
- Мандат спэцыяльнага дакладчыка аб правах чалавека ў Беларусі заснаваны ў 2012 годзе і з таго часу штогод падаўжаецца (апошні раз у кастрычніку 2024 году).
- Зь лістапада 2018 году пасаду займала францужанка Анаіс Марэн, яна пакінула яе 1 лістапада 2024 году. Ейны апошні на пасадзе даклад «Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі» быў разгледжаны на 79-й сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку ў кастрычніку таго ж году.
- Спэцыяльны дакладчык працуе на грамадзкіх асновах. Улады Беларусі не прызнаюць ягонага мандату і не супрацоўнічаюць зь ім. Анаіс Марэн не запрашалі ў Беларусь.
Форум