Паводле Белстату, у даковідны пэрыяд у год у Беларусі памірала прыкладна каля 120 тысяч чалавек — у сярэднім каля 10 тысяч чалавек за месяц. З пачатку эпідэміі COVID-19 зьвесткі па сьмяротнасьці перасталі публікавацца ў адкрытых крыніцах, што ўскладніла магчымасьць падліку памерлых ад каранавірусу.
20 студзеня 2025 году «Кібэрпартызаны» апублікавалі новыя дадзеныя пра сьмяротнасьць ад каранавірусу ў Беларусі. Паводле гэтай інфармацыі, ад COVID-19 у Беларусі за некалькі гадоў памерлі больш за 90 000 чалавек.
Паводле зьвестак «Кібэрпартызанаў», сьмяротнасьць пачала расьці ў сакавіку 2020 году, калі ўлады Беларусі адмаўлялі наяўнасьць пагрозы. Сьцьвярджаецца, што ў сьнежні 2020 году памерла амаль 18,5 тысячы чалавек (на 8 тысяч больш, чым звычайна ў месяц). Пік быў у кастрычніку і лістападзе 2021 году. Паводле «Кібэрпартызанаў», тады памерлі, адпаведна, 22 162 і 20 063 чалавекі.
«Залішняя сьмяротнасьць — цалкам правільны выбар паказьніка, на які трэба арыентавацца»
Каардынатарка Фонду мэдычнай салідарнасьці доктар Лідзія Тарасенка кажа, што база, якую атрымалі «Кібэрпартызаны», пацьвярджае тыя дадзеныя, якія былі атрыманыя ўскосным разьліковым шляхам. Тарасенка спасылаецца на справаздачы ініцыятывы «Народнае апытаньне» па захворваньні на COVID-19 у Беларусі. Былі апублікаваныя дзьве часткі грунтоўнага дасьледаваньня, якое яна лічыць добрым і па мэтадалёгіі, і па высновах. Дадзеныя таго дасьледаваньня, у прынцыпе, супадаюць з дадзенымі «Кібэрпартызанаў», кажа Лідзія Тарасенка.
«Гэта прыблізны разьлік, але ён цалкам падобны да рэальнасьці. Да таго ж „Кібэрпартызаны“ паказваюць „залішнюю сьмяротнасьць“, яны не вядуцца, так бы мовіць, на коды сьмерці. Залішняя сьмяротнасьць — цалкам правільны крок, правільны выбар паказьніка, на які трэба арыентавацца. Так, ён сурагатны, але нічога лепшага мы ня знойдзем. Выбар паказьніка сьведчыць пра тое, што людзі падумалі, на што арыентавацца.
У нас нічога больш верагоднага няма, мы ня можам казаць, што даведкі пра сьмерць напісаныя адэкватна, мы дакладна ведаем, што статыстыка не зьбіралася адэкватна. То бок ні на якія запісы пра прычыны сьмерці мы арыентавацца ня можам», — кажа Тарасенка.
«Трансфармацыя Мінздароўя ў монстра»
Паводле Міністэрства аховы здароўя, ад сакавіка 2020 па ліпень 2022 году (іншых дадзеных не публікавалася) у Беларусі памерлі 7118 пацыентаў з выяўленым COVID-19. «Кібэрпартызаны» ж выявілі, што каранавірусная інфэкцыя як прычына сьмерці ў дакумэнтах пазначаная ў 22 759 выпадках (гэта ў 3 разы больш, чым было афіцыйна абвешчана).
Лідзія Тарасенка мяркуе, што лічбы, якія выдавала тады Мінздароўя, не адпавядалі рэчаіснасьці.
«Мінздароўя і схлусіць толкам не магло, каб гэта хоць неяк было падобна да праўды. Нават іх прагнозы, напрыклад, якая колькасьць можа захварэць, былі нерэальныя. У прагнозах можна гаварыць толькі пра трэнд — то бок захворвальнасьць будзе павялічвацца альбо зьмяншацца. А яны прагназавалі яшчэ і „шумы“, што ў прынцыпе немагчыма, няправільна, гэта памылка. Калі б студэнт, які вучыцца на 4 курсе мэдунівэрсытэту, такі графік намаляваў, яму паставілі б двойку на экзамэне па эпідэміялёгіі. На дадзеныя Мінздароўя арыентавацца наагул не выпадае.
Падчас эпідэміі ковіду мы бачылі канчатковую трансфармацыю Мінздароўя ў монстра, які на пачатку эпідэміі стараўся хоць неяк „захаваць твар“, неяк праўдападобна хлусіць, а ў канцы эпідэміі мы бачылі цалкам наплявацельскае стаўленьне да таго, як яны выглядаюць перад публікай.
Цяпер у нас ёсьць дакумэнты, і мы бачым, як унутры Мінздароўя адны і тыя ж лічбы „скачуць“ — яны нават паміж сабой дамовіцца ня могуць. Так што Мінздароўя — усё! Забудзьце!» — кажа Лідзія Тарасенка.
60 тысяч жыцьцяў
На думку намесьніка прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў сацыяльных пытаньнях доктара Станіслава Салаўя, лічбы сьмяротнасьці, якія апублікавалі «Кібэрпартызаны», выглядаюць сумнымі, але рэалістычнымі.
«Мы маем краіну, у якой усё больш-менш нармальна, то бок няма вайны, з больш-менш устойлівымі ўзроўнямі нараджальнасьці і сьмяротнасьці (людзі ж паміраюць і з натуральных прычын, гінуць у аварыях). Але калі за пару гадоў памерла на 90 тысяч чалавек больш, штосьці павінна адбыцца такое, каб быў гэты скачок.
Гэты скачок можна патлумачыць пандэміяй. Безумоўна, ня ўсе гэтыя 90 тысяч загінулі менавіта ад ковіду. У кагосьці была 2-я ступень раку, але ён павінен быў на 3 месяцы даўжэй чакаць апэрацыі — шмат ускосных прычын таксама можа быць.
Але першапрычына гэтага скачка залішняй сьмяротнасьці — каранавірусная інфэкцыя. То бок на рост мог паўплываць толькі ковід — больш нічога экстраардынарнага ў краіне не адбывалася. І безалабернасьць улады», — лічыць доктар.
Станіслаў Салавей прывёў прыклады суседніх краінаў — Польшчы і Ўкраіны, дзе, на яго думку, вялася карэктная статыстыка сьмяротнасьці ад ковіду.
«У Польшчы, ва Ўкраіне лічбы сьмяротнасьці за час пандэміі дасягалі 120 тысяч — больш за Беларусь аж на 30 тысяч. Але і насельніцтва там у 5 разоў больш! Калі мы параўноўваем сябе з краінамі, якія нешта рабілі, — мы кепска выглядаем.
Тут трэба разумець, што ня ўсе 90 тысяч памерлых — на сумленьні Лукашэнкі і Мінздароўя, ня ўсе 90 тысяч памерлі таму, што рэжым такі-сякі. Але гэта лічба магла быць ніжэйшая. Мы ведалі, што ўлады фальсыфікуюць дадзеныя, але дагэтуль не было лічбаў, на колькі. Цяпер дзякуючы „Кібэрпартызанам“ мы можам уявіць, колькі чалавек забрала пандэмія.
То бок ковід-дысыдэнцтва каштавала Беларусі амаль 60 тысяч жыцьцяў», — выказаў меркаваньне доктар Станіслаў Салавей.
На яго думку, сьмерць некалькіх тысяч грамадзян ад некампэтэнтнасьці ўладаў, некампэтэнтнасьці Мінздароўя — гэта катастрофа.
«Мы бачым, якая ў нас улада і што для яе ў прыярытэце. Падыграць тырану-пярэстарку, што ковід — гэта псыхоз, калі ён антыпрышчэпачнік і ідыёт, — вось цана. Калі тагачасны міністар аховы здароўя Дзьмітрый Піневіч усё ж даціснуў і ўвёў масачны рэжым, літаральна назаўтра яго адмянілі: „Што за наморднікі вы носіце?“ — абурыўся тады Лукашэнка. Для Піневіча страх перад Лукашэнкам пераважыў сьмерць дзясяткаў тысяч грамадзян», — кажа Салавей.
Форум