Хлопчыку з дыягназам «міяпатыя Дзюшэна» сабралі амаль 3 мільёны даляраў на лячэньне, паведамілі ягоныя бацькі Алена і Віктар. Сабрана 2,9 мільёна даляраў для іньекцыі дарагога прэпарату «Элевідыс». Бацькі падзякавалі людзям, якія адгукнуліся, і арганізацыі.
«Усё, што далей будзе адбывацца ў нашым жыцьці, гэта толькі дзякуючы вам», — адзначыла Алена.
Па словах маці, працэдура да пералёту ў Дубай (ААЭ) для лячэньня зойме яшчэ два-тры месяцы.
Грошы для Арцёма зьбіралі ў Беларусі, Польшчы, Нямеччыне, Расеі і ў іншых краінах. Збор заняў амаль дзевяць месяцаў.
Пацыенты з дыягназам «міяпатыя Дзюшэна» рэдка жывуць даўжэй за 20 гадоў: з часам хворых чакае атрафія ўсіх цягліц і павольнае паміраньне.
У ліпені 2024-га паведамлялася, што на тое, каб пасьпець сабраць усю суму і зрабіць укол, у сям'і засталося менш за год.
Да гэтага самыя буйныя сумы ў Беларусі збіралі на лячэньне дзяцей ад СМА (сьпінальнай цягліцавай атрафіі). Прэпараты каштавалі каля 1,9 мільёна даляраў — амаль на мільён менш. Настолькі буйны збор у Беларусі правялі ўпершыню.
Форум