«21 студзеня ў пэрыяд з 00:00 да 06:00 будуць праводзіцца плянавыя прафіляктычныя работы на сетцы перадачы даных РУП „Белтэлекам“. Падчас правядзеньня названых работ магчыма кароткачасовае пагаршэньне паслуг доступу да рэсурсаў сеткі Інтэрнэт», — гаворыцца ў паведамленьні Белтэлекам.
Менш чым два тыдні таму Белтэлекам таксама паведамляў аб правядзеньні аналягічных работ 10 студзеня (з 00:00 да 07:30) і магчымым абмежаваньні доступу да інтэрнэту для абанэнтаў Менску, Гомля і Гомельскай вобласьці. Пасьля гэтага ў ноч на 10 студзеня карыстальнікі інтэрнэту ў Беларусі пачалі скардзіцца на праблемы з доступам да відэагостынгу YouTube, сацыяльных сетак Facebook і Instagram, мэсэнджара Telegram і іншых папулярных сэрвісаў. Пра такія праблемы паведамлялі жыхары як Менску, так і абласных цэнтраў і раённых гарадоў.
Паводле паведамленьняў, доступу да сэрвісу не было на працягу трох гадзінаў. Пры гэтым дзяржаўныя навінавыя парталы, а таксама сайты дзяржаўных органаў адкрываліся, праз VPN-сэрвісы працавалі і згаданыя сацыяльныя сеткі і мэсэнджары.
Пасьля гэтага выпадку экспэрт праваабарончай арганізацыі Human Constanta на ўмовах ананімнасьці патлумачыў Свабодзе, што тэхнічнага збою ці нейкіх тэхнічных работ выключаць нельга, аднак больш фактараў сьведчыць пра наўмысную спробу блякаваньня інтэрнэту.
«Вельмі падобна да тэставаньня нейкіх будучых блякаваньняў, бо тэхнічны збой адбываецца тады, калі сетка загружаная. А тут усё адбылося ўначы, калі сетка менш загружаная, калі менш другасных эфэктаў нейкіх», — адзначыў экспэрт.
Да гэтага праблемы з доступам да відэагостынгу YouTube назіраліся ў Беларусі ў навагоднюю ноч — 2025, падчас выступу Сьвятланы Ціханоўскай. Такія ж праблемы былі і ў папярэдні Новы год.
У 2020 годзе інтэрнэт у Беларусі не працаваў падчас выбараў некалькі дзён. Тады выкарыстоўваўся комплексны падыход да блякаваньня: без VPN інтэрнэт амаль не працаваў. Гэта рабілася некалькімі крокамі:
- Шчыльная фільтрацыя трафіку. Гэта калі адключаецца шэраг пратаколаў, па якіх працуюць розныя інтэрнэт-сэрвісы. Пры такім варыянце ўзьнікаюць праблемы нават з VPN.
- Масавае блякаваньне вэб-сайтаў і сэрвісаў.
- Мабільны шотдаўн. Гэта калі адключаецца мабільны трафік як лякальна, у канкрэтных месцах, так і глябальна.
Форум