Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі вызначыла цану паслугаў дастаўкі і выплаты пэнсіяў праз пошту. Адпаведны дакумэнт 20 студзеня апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Згодна з дакумэнтам, за атрыманьне пэнсіі ў аддзяленьні пошты пэнсіянэрам давядзецца заплаціць 1,8 рубля. За дастаўку пэнсіі паштальёнам на дом — 8,5 рубля.
Гэтыя сумы будуць спаганяцца за кожную выплату ці дастаўку ў Менску, а таксама ў абласных і раённых цэнтрах.
Дастаўляць ці выплачваць пэнсіі на пошце будуць толькі пасьля ўнясеньня платы за адпаведныя паслугі і толькі тым пэнсіянэрам, якія самастойна абралі атрыманьне пэнсіі праз пошту.
Праўда, плаціць за дастаўку ці атрыманьне пэнсіі на пошце павінны ня ўсе. Ад аплаты гэтых паслуг раней вызвалілі
- пэнсіянэраў, старэйшых за 70 гадоў,
- інвалідаў I і II груп,
- жыхароў сельскай мясцовасьці,
- атрымальнікаў дапамогі на выхаваньне дзяцей-інвалідаў ва ўзросьце да 18 гадоў.
Цягам 2024 году ў Беларусі ўхвалілі шэраг рашэньняў, паводле якіх атрымальнікі сацыяльных выплат і пэнсій мусілі «перайсьці» ў банкі.
Урад вызначыў 8 банкаў («Беларусбанк», «Прыёрбанк», «Белаграпрамбанк», «Сбер Банк», «Белгазпромбанк», «Белінвэстбанк», Банк «Дабрабыт», «Белзьнешэканомбанк»), у якіх атрымальнікі сацыяльных выплат мусілі адкрыць так званыя базавыя рахункі — на іх дзяржава будзе пералічваць усе сацыяльныя выплаты. Для гэтага атрымальнікі пэнсій і сацыяльнай дапамогі мусілі зьвярнуцца з адпаведнымі заявамі ў банкі да 10 чэрвеня 2024 году.
Тады ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны Беларусі паведамлялі, што зьмены не закрануць атрымальнікаў пэнсій ва ўзросьце, старэйшым за 70 гадоў, і інвалідаў I і II груп, атрымальнікаў дапамогі на выхаваньне дзяцей-інвалідаў, сямей, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў ва ўзросьце да 18 гадоў, а таксама атрымальнікаў, якія жывуць у сельскай мясцовасьці. Для астатніх з 1 студзеня 2025 году прадугледзелі магчымасьць атрымліваць пэнсію на пошце або дастаўкай за асобную плату.
Форум