Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КНДР зьняпраўдзілі заяву Лукашэнкі, што Пхэньян нібыта прапанаваў правесьці сустрэчу на найвышэйшым узроўні


Намесьніца дырэктара аддзела прапаганды і агітацыі ЦК Працоўнай партыі Карэі Кім Ё Чжон, архіўнае фота
Намесьніца дырэктара аддзела прапаганды і агітацыі ЦК Працоўнай партыі Карэі Кім Ё Чжон, архіўнае фота

Малодшая сястра паўночнакарэйскага кіраўніка Кім Чэн Ына Кім Ё Чжон адзначыла, што з боку Пхэньяна да Беларусі такой прапановы не паступала.

Намесьніца дырэктара аддзела прапаганды і агітацыі Цэнтральнага камітэта кіроўнай у КНДР Працоўнай партыі Карэі, малодшая сястра паўночнакарэйскага лідэра Кім Чэн Ына Кім Ё Чжон абвергла агучанае Аляксандрам Лукашэнкам 17 студзеня сьцьвярджэньне аб тым, што Пхэньян прапаноўваў Менску арганізацыю сустрэчы, паведаміла 20 студзеня Карэйскае цэнтральнае інфармацыйнае агенцтва.

«Я добра ведаю, што беларускі бок на працягу як мінімум двух гадоў шчыра спадзяецца на кантакт на высокім узроўні з КНДР», — цытуе агенцтва Кім Ё Чжон, якая адзначыла, што з боку Пхэньяна такой прапановы не паступала.

«Калі вы спадзеяцеся на разьвіцьцё адносінаў супрацоўніцтва з намі, важна дакладна заявіць пра свае намеры. Я лічу, што такая праўдзівасьць і сумленнасьць павінны стаць зыходным пунктам у двухбаковых адносінах паміж краінамі. Калі Беларусь зыходзіць з гэтай пазыцыі і імкнецца разьвіваць з намі адносіны дружбы і супрацоўніцтва, у нас няма падстаў адмаўляцца і мы з радасьцю гэта вітаем», — заявіла сястра паўночнакарэйскага кіраўніка.

Як піша «Позірк», 17 студзеня на нарадзе ў пытаньнях замежнагандлёвай дзейнасьці ў 2025 годзе Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «каля пяці дзяржаў, уключаючы Пакістан, Інданэзію і КНДР, накіравалі Беларусі свае прапановы аб арганізацыі сустрэч на найвышэйшым узроўні для абмеркаваньня пытаньняў супрацоўніцтва».

Віншуючы кіраўніка КНДР Кім Чн Ына 9 верасьня мінулага года з Днём утварэньня КНДР, Лукашэнка адзначыў, што «ўвесь сьвет зьяўляецца сьведкай» таго, як КНДР «з гонарам ідзе па шляху незалежнага разьвіцьця».

Менск і Пхэньян, лічыць ён, «хутка дасягнулі значнага прагрэсу ў наладжваньні практычнага ўзаемадзеяньня ў такіх галінах, як сельская гаспадарка, мэдыцына і фармацэўтыка, адукацыя».

Беларускія ўлады каля года таму сталі актыўна заяўляць аб сваёй цікавасьці да Паўночнай Карэі — закрытай дзяржаве з дыктатарскім рэжымам, у дачыненьні да якой дзейнічаюць санкцыі Рады Бясьпекі ААН, зьвязаныя з разьвіцьцём ядзернай праграмы.

На перамовах з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным 15 верасня 2023 году ў Сочы Лукашэнка выказаў думку, што РФ, Беларусь і КНДР маглі б «падумаць аб супрацоўніцтве недзе на траіх».

18 студзеня 2024 года Сяргей Алейнік, які на той момант займаў пасаду кіраўніка МЗС, абмеркаваў «паглыбленьне супрацоўніцтва» з намесьнікам міністра замежных спраў Паўночнай Карэі Кімам Сонгам Жыёнгам. Сустрэча адбылася на палях саміту Руху недалучэньня ў Кампале (Уганда).

У красавіку 2024 году ў рамках «плянавых палітычных кансультацый» паміж замежнапалітычнымі ведамствамі дзьвюх краін Пхэньян наведваў намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шастакоў.

23–25 ліпеня КНДР наведаў цяперашні міністар замежных спраў Максім Рыжанкоў.

Па выніках візыту ён заявіў, што Паўночная Карэя — «краіна вельмі цікавая і канкрэтны прыклад, як працуюць фэйкі, якія навязваюцца празь нейкія інфармацыйныя рэсурсы міжнароднай супольнасьці».

«Будоўля ідзе па ўсіх тых гарадах, якія мы праляталі ці праяжджалі. Пхэньян — вельмі чысты, добры, акуратны горад. Толькі што няма вялізных асабнякоў такіх за кальцавой, як у нас бывае», — зазначыў Рыжанкоў.

Вайскоўцы КНДР бяруць удзел у вайне Расеі супраць Украіны на баку Масквы. Афіцыйны Менск падтрымлівае расейскую агрэсію ва Ўкраіне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG