Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Змрочны прывід «новай Ялты». Да якой небясьпекі варта быць гатовымі беларусам


Кіраўнікі Брытаніі, ЗША і СССР Уінстан Чэрчыль, Франклін Рузвэльт і Ёсіф Сталін (зьлева направа) на канфэрэнцыі ў Ялце ў лютым 1945 году
Кіраўнікі Брытаніі, ЗША і СССР Уінстан Чэрчыль, Франклін Рузвэльт і Ёсіф Сталін (зьлева направа) на канфэрэнцыі ў Ялце ў лютым 1945 году

Сярод шматлікіх сцэнараў заканчэньня вайны ёсьць і такія, што могуць істотна закрануць будучыню Беларусі.

Напрыклад: Расея абяцае больш не чапаць Украіну, не выкарыстоўваць супраць яе ваенную сілу — але затое запатрабуе, каб Захад не чапаў Беларусь, бо гэта расейская сфэра ўплыву. У такім выпадку ўздоўж беларускай мяжы з трох бакаў апусьціцца «жалезная заслона» і будзе ўзьведзены ўмоўны новы «Бэрлінскі мур».

Сьцісла:

  • На самым пачатку вайны Захад ставіў задачу стратэгічнай паразы Расеі. Цяпер такое пытаньне дэ-факта здымаецца з парадку дня, хоць уголас пра гэта вядучыя заходнія палітыкі не гавораць.
  • Мір можа быць дасягнуты ня толькі за кошт Украіны, але і за кошт Беларусі.
  • Пераважна высновы экспэртаў грунтуюцца на тым, што Беларусь застанецца ў сфэры ўплыву Расеі.
  • На парадку дня паўстае здань «новай Ялты». Фактычна можа аднавіцца тое, што было ў часы «халоднай вайны» і называлася «дактрынай Брэжнева».

Сьвет напярэдадні перамен

Перад інаўгурацыяй новага прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа сьвет чакае вялікіх перамен. Краіны рэгіёну Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы найперш зацікаўленыя гучна анансаванымі мірнымі перамовамі, заканчэньнем вайны ва Ўкраіне. На тле такіх чаканьняў палітыкі, экспэрты, мэдыя розных краін навыперадкі будуюць розныя схемы, абмяркоўваюць варыянты, мэханізмы разьменаў, спрабуюць угадаць канфігурацыю будучай сыстэмы бясьпекі ў Эўропе.

Бо гаворка павінна ісьці ня проста пра тое, каб змоўклі гарматы на лініі фронту. Спыненьне агню — гэта яшчэ ня мір, а толькі паўза ў вайне. Каб дасягнуць сапраўднага міру, патрэбны комплекс дамоўленасьцяў, узаемных гарантый, стварэньне новай сыстэмы бясьпекі. І тут магчымыя самыя розныя мадэлі пагадненьняў.

Вынікі перамоваў, дамоўленасьцяў моцна залежаць ад суадносінаў сіл на дадзены момант. На самым пачатку вайны Захад ставіў задачу стратэгічнай паразы Расеі. Аднак гэтага не адбылося. Расея апошні год наступае на фронце, захоўвае ініцыятыву, захоплівае ўсё новыя ўкраінскія тэрыторыі. У краінах Захаду нарастае стомленасьць ад вайны, назіраецца гатовасьць да кампрамісу з Масквой, што адлюстроўваецца ў выніках выбараў у краінах ЭЗ і ЗША. Пытаньне пра стратэгічную паразу Расеі дэ-факта здымаецца з парадку дня, хоць уголас пра гэта вядучыя заходнія палітыкі і не гавораць.

Зьяўляюцца неспрыяльныя для Ўкраіны прагнозы. Напрыклад, вядомы палітоляг Уладзімір Пастухоў лічыць: «Існуе сур’ёзная рызыка таго, што Захад... пойдзе на ўгоду з Пуціным, рознагалосьсі зь якім у яго ня носяць насамрэч антаганістычнага характару, за сьпінаю Ўкраіны».

Працягваючы гэтую думку, можна чакаць, што мір можа быць дасягнуты ня толькі за кошт Украіны, але і за кошт Беларусі.

Беларусь — у сфэры ўплыву Расеі

Калі ідзе размова пра новую канфігурацыю сыстэмы бясьпекі ў рэгіёне, то, відавочна, ставіцца пытаньне пра нейкае пакетнае пагадненьне. І можна не сумнявацца, што Беларусь там будзе фігураваць. Не выпадкова Аляксандар Лукашэнка так імкнецца паўдзельнічаць у гэтых перамовах. Магчыма, Расея вылучыць нейкія патрабаваньні, прэтэнзіі, умовы адносна Беларусі. Якімі яны могуць быць?

Пераважна высновы экспэртаў грунтуюцца на тым, што Беларусь застанецца ў сфэры ўплыву Расеі. Прычым такія прагнозы робяць ня толькі расейскія, але і заходнія, і беларускія аналітыкі.

Вось экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) падрыхтавалі вялікае дасьледаваньне па «інтэграцыі» Беларусі і Расеі. У ім гаворыцца: «Крэмль знаходзіцца на завяршальнай стадыі шматгадовых стратэгічных намаганьняў па фактычнай анэксіі Беларусі... Што патрабуе ад NATO пераацэнкі наступстваў растучага кантролю Расеі над Беларусьсю і магчымасьцяў і рэсурсаў, якія Расея ў выніку можа выкарыстоўваць супраць Злучаных Штатаў, NATO і Ўкраіны... Крэмль будзе выкарыстоўваць свае нядаўнія, але трывала ўкаранёныя заваёвы ў Беларусі, каб кампэнсаваць выдаткі зацяжной вайны Расеі супраць Украіны, паскорыць аднаўленьне Расеі пасьля вайны ва Ўкраіне і дапамагчы Расеі падрыхтавацца да будучых войнаў хутчэй, чым Расея магла б сама». Выснова робіцца такая: палітыкі Захаду павінны ўжо цяпер пачаць плянаваць будучыню, у якой Беларусь будзе ня толькі паняволенай нацыяй, але і фактычна працягам Расейскай Фэдэрацыі.

То бок, паводле ISW, Захад можа прызнаць гэты статус-кво, фактычна пагодзіцца на яго, будзе імкнуцца адаптавацца да гэтай сытуацыі і не рабіць высілкаў, каб зьмяніць такі статус Беларусі.

Да падобных высноваў прыходзіць Алесь Сантоцкі ў артыкуле ў «Нашай Ніве»: «А паколькі лукашэнкаўская Беларусь знаходзіцца цалкам у сфэры ўплываў Расеі, а Расея на перамовах ня будзе ў ролі прайграўшага, якому ставяць ультыматумы — то адпаведна і пра выхад Беларусі з гэтай сфэры ўплыву ніхто ня будзе там нават заікацца. Нічога нікому не застанецца, як толькі прызнаваць статус-кво: уся Беларусь як расійскі сатэліт. Гэта прыкрая для нас сытуацыя, але такія рэаліі, якія ў цяперашняй сытуацыі ніхто памяняць ня ў сілах». Праўда, аўтар лічыць, што пра ліквідацыю Беларусі як сувэрэннай дзяржавы і далучэньне яе да Расеі гаворка не ідзе. З чым можна пагадзіцца.

Здань новага «Бэрлінскага мура»

Такім чынам, на гарызонце паўстае здань «новай Ялты». Пакетная «ўгода» можа адбыцца прыкладна на такіх умовах. Новая расейска-ўкраінская мяжа (няхай і не юрыдычная, але фактычная) пройдзе па цяперашняй лініі фронту; Захад абавязваецца не прымаць Украіну ў НАТО. Расея абяцае больш не чапаць Украіну, не выкарыстоўваць супраць яе ваенную сілу. Але ў адказ запатрабуе, каб Захад не чапаў Беларусь, бо гэта расейская сфэра ўплыву. Размова не ідзе пра фармальнае далучэньне краіны да Расеі. Захад павінен будзе ўзяць на сябе абавязаньне не імкнуцца «дэмакратызаваць» Беларусь, не падтрымліваць беларускую апазыцыю і грамадзянскую супольнасьць. У Беларусі захоўваецца расейская вайсковая прысутнасьць. Уздоўж беларускай мяжы з трох бакаў апускаецца «жалезная заслона», будуецца ўмоўны новы «Бэрлінскі мур».

То бок фактычна аднаўляецца тое, што было ў часы «халоднай вайны» і называлася «дактрынай Брэжнева». Паводле яе Захад фактычна прызнаваў права СССР на сілавое ўмяшаньне ва ўнутраныя справы сацыялістычных дзяржаў Усходняй Эўропы. Здушэньне Савецкім Саюзам антыкамуністычнага паўстаньня ў Вугоршчыне ў 1956 годзе, «Праскай вясны» ў 1968 годзе ня выклікала вялікага супраціву ў заходніх краін.

Наколькі імаверны падобны сцэнар сёньня адносна Беларусі? Некаторыя элемэнты яго мы ўжо назіраем. Маю на ўвазе прыкметы «жалезнай заслоны», якая будуецца з абодвух бакоў. Паглядзіце, напрыклад, на чэргі на беларуска-польскай мяжы.

Ведаю аргумэнт супраць такога сцэнару. Маўляў, Расея і так цалкам кантралюе Беларусь, тая ў яе ў кішэні, таму незразумела, навошта яе рабіць часткай угоды.

Але чаму б Маскве тое, што ёсьць дэ-факта, не зафіксаваць дэ-юрэ? Тым больш быў пэрыяд 2015–2020 гадоў, калі Беларусь дыстанцыявалася ад Расеі і дэманстравала тое, што экспэрты называлі «сытуатыўным нэўтралітэтам». Да таго ж рана ці позна Лукашэнка зьнікне: што тады? Ва ўсіх у Крамлі на памяці 2020 год.

Перад вачыма ў Масквы і самыя апошнія непрыемныя прыклады, калі адны саюзныя рэжымы раптоўна бурацца (Сырыя), другія пачынаюць адварочвацца ад РФ (Армэнія).

Сёньня цяжка сказаць, наколькі такі сцэнар верагодны. Для дэмакратычнай супольнасьці Беларусі падобны варыянт быў бы найгоршым, своеасаблівай драмай. Але лепш яго не выключаць, трымаць пад увагай. Каб потым гэта ня стала вялікай нечаканасьцю.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG