Варданьян, былы банкір, які разбагацеў у Расеі, паводле Армянскай службы Радыё Свабода, адмаўляе ўсе выстаўленыя яму абвінавачаньні і ў заяве, апублікаванай ягонай сям’ёй у Telegram, паскардзіўся, што яму не далі дастаткова часу для падрыхтоўкі абароны.
«Я пацьвярджаю сваю поўную невінаватасьць і невінаватасьць маіх суайчыньнікаў і патрабую неадкладнага спыненьня гэтай палітызаванай справы супраць нас», — сказаў ён у заяве, апублікаванай напярэдадні суду.
Пракуроры заявілі, што Варданьян атрымаў поўны доступ да матэрыялаў справы і яму былі дадзеныя правы на юрыдычную абарону, выкарыстаньне абранай ім мовы і іншыя працэсуальныя правы падчас расьсьледаваньняў.
Варданьян аспрэчыў гэта, заявіўшы, што яму выстаўленыя 42 абвінавачаньні, некаторыя зь якіх прадугледжваюць пажыцьцёвае зьняволеньне, але яму не далі магчымасьці цалкам азнаёміцца з афіцыйным абвінаваўчым заключэньнем.
Ён сказаў, што 422 тамы крымінальнай справы супраць яго былі прадстаўленыя яму і яго адвакату 9 сьнежня на азэрбайджанскай мове, на якой ён не размаўляе.
Ён заклікаў грамадзкасьць далучыцца да ягоных шматлікіх патрабаваньняў, у тым ліку — даць яму больш часу для вывучэньня абвінаваўчага заключэньня, забясьпечыць адкрыты судовы працэс і аб’яднаньне ягонае справы з справамі 15 іншых абвінавачаных.
Варданьян таксама сказаў, што хоць ён утрымліваўся пад вартай больш за 470 дзён, у тым ліку 340 дзён у адзіночнай камэры і 23 дні ў карцары, у яго не было «ні злосьці, ні нянавісьці», і ён хацеў «сапраўднага міру» паміж армянамі і азэрбайджанцамі.
Па словах пракурораў, абвінавачаньні супраць яго ўключаюць катаваньні, кантрабанду зброі, гвалтоўную дэпартацыю людзей, захоп улады сілай, а таксама плянаваньне і правядзеньне агрэсіўнай вайны.
Варданьян, які нарадзіўся ў Ерэване, пераехаў у Нагорны Карабах у 2022 годзе, дзе з канца 2022 году па люты 2023-га займаў пасаду дзяржаўнага міністра (эквівалент прэм’ер-міністра). Ягонае расейскае грамадзянства было ануляванае ў сьнежні 2022 году.
Ён былы генэральны дырэктар і акцыянэр інвэстыцыйнага банку «Тройка Дыялёг», набытага Ашчадбанкам у 2011 годзе. Forbes ацаніў ягонае багацьце ў 1 мільярд даляраў у 2021 годзе.
У верасьні 2023 году Азэрбайджан вярнуў сабе Нагорны Карабах, вядомы ў Армэніі як Арцах, паклаўшы канец тром дзесяцігодзьдзям фактычнай незалежнасьці рэгіёну з таго часу, як ён выйшаў з-пад кантролю Баку ў выніку вайны, якая пачалася пасьля распаду Савецкага Саюзу.
Варданьян быў арыштаваны падчас масавага сыходу каля 100 000 армян з Нагорнага Карабаху.
15 іншых асобаў, сярод якіх некалькі былых палітыкаў Нагорнага Карабаху, у тым ліку фактычны прэзыдэнт Карабаху Араік Аруцюньян, таксама паўстануць перад судом. Па словах азэрбайджанскіх пракурораў, абвінавачаньні супраць іх уключаюць генацыд і ваенныя злачынствы.
Што папярэднічала цяперашняй сытуацыі ў Нагорным Карабаху
Нагорны Карабах (армянская назва Арцах) — горны рэгіён унутры тэрыторыі Азэрбайджану, у якім цягам стагодзьдзяў жылі і армяне, і азэрбайджанцы. Напярэдадні распаду Савецкага Саюзу насельніцтва тагачаснай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці прыблізна на 75% складалася з армянаў. У 1980-я гады нацыяналістычны рух імкнуўся аддзяліць рэгіён ад Азэрбайджану і далучыць яго да Армэніі. У выніку вайны на пачатку 1990-х гадоў загінулі каля 30 тысяч чалавек, і сэпаратысты, падтрыманыя Армэніяй, узялі гэтую тэрыторыю і некалькі прылеглых раёнаў Азэрбайджану пад свой кантроль.
Дыпляматычныя намаганьні ўрэгуляваць канфлікт не далі істотных вынікаў, і ў 2020 годзе пачалася новая вайна, якая цягнулася шэсьць тыдняў. У выніку замірэньня пры пасярэдніцтве Расеі быў фактычна зафіксаваны пераход пад кантроль Азэрбайджану часткі рэгіёну і сямі прылеглых да яго раёнаў.
У 2022 годзе Баку і Ерэван пачалі перамовы, якія мелі канчаткова разьвязаць канфлікт. Заяўленай мэтай Азэрбайджану было вярнуць кантроль над усёй тэрыторыяй Нагорнага Карабаху, і армянскі прэмʼер-міністар Нікол Пашыньян даваў сыгналы, што ён гатовы на гэта пайсьці.
Аднак армянскае кіраўніцтва Нагорнага Карабаху не хацела ісьці на такі крок. Яно выказвала занепакоенасьць, што абяцаньні Азэрбайджану мірна «рэінтэграваць» этнічных армянаў — гэта толькі дымавая заслона, за якой хаваецца плян назаўсёды выціснуць іх з гэтай тэрыторыі. Міжнародныя пасярэднікі спрабавалі знайсьці кампраміс, але марна.
1 студзеня 2024 году спыніла сваё існаваньне Нагорна-Карабаская рэспубліка, абвешчаная больш за 30 гадоў таму этнічнымі армянамі на тэрыторыі былой савецкай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці Азэрбайджану і не прызнаная ніводнай краінай сьвету.
Гэта адбылося ў выніку нападу Азэрбайджану на Нагорны Карабах увосень 2023 году. Азэрбайджанскія ўлады назвалі гэта «антытэрарыстычнай апэрацыяй». У выніку з Нагорнага Карабаху выехалі амаль усе этнічныя армяне, а Азэрбайджан абвясьціў яго сваёй тэрыторыяй і заявіў аб перамозе ў «Айчыннай вайне».
Форум